2013-10-04 10:54:25

Папа ў сядзібе біскупа Асізі: скінуць з сябе шаты духа свету


RealAudioMP3 Касцёл павінен скінуць з сябе шаты духа свету. З такім заклікам 4 кастрычніка 2013 г. папа Францішак звярнуўся наведваючы сядзібу біскупа Асізі – месца перад якім, у 1206 г. св. Францішак зняў з сябе вопратку на знак поўнай адданасці Богу і бедным. Тут Папа сустрэўся з беднымі, якім дапамагае мясцовае аддзеленне “Caritas”. Ён нагадаў, што на працягу некалькіх апошніх дзён многія СМІ казалі аб тым, што “Папа ідзе туды, каб скінуць шаты з Касцёла”, “ён скіне шаты з біскупаў, кардыналаў, распране самаго сябе...” “Гэта добрая нагода, каб запрасіць Касцёл скінуць з сябе шаты. Але Касцёлам з’яўляемся ўсе мы! Усе!”, - сказаў Пантыфік і нагадаў, што кожны павінен ісці шляхам Езуса, які таксама прайшоў праз “распрананне” – стаў слугой, захацеў прынізіць Сябе аж да крыжа. “А ці нельга зрабіць хрысціянства крыху больш гуманным?”, - паўтарыў Папа пытанне якім задаюцца многія – “без крыжа, без Езуса, без распранання”. Паводле Святога Айца, у такім выпадку хрысціяне стануць “людзьмі з кандытарскай, як прыгожыя торты, як салодкія прысмакі... Прыгожымі, а не сапраўднымі хрысціянамі!”

“Нехта можа спытаць: але шаты чаго павінен скінуць з сябе Касцёл?”, - працягнуў Папа і адзначыў, што ў першую чаргу ён павінен скінуць з сябе самую небяспечную пагрозу: “небяспеку духа свету”. “Хрысціянін не можа жыць духам свету. Дух свету вядзе да марнасці, дамінавання, пыхі. А гэта ідал, не Бог. Гэта ідал. А ідалапаклонства – гэта самы вялікі грэх”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што дух свету з’яўлецца супрацьлеглым благаславенствам пра якія казаў Хрыстус і супрацьлеглы духу Езуса. “Дух свету чыніць нам шкоду. Як сумна бачыць хрысціяніна ахопленага духам свету, упэўненага ў бяспецы, якую ён дае”, - сказаў Папа і дадаў, што ўсе члены Касцёла павінны скінуць з сябе яго шаты.








All the contents on this site are copyrighted ©.