2013-10-03 10:27:41

Пантыфік сустрэнецца з усімі кіраўнікамі Усходніх Каталіцкіх Цэркваў


RealAudioMP3 Папа Францішак надае Усходнім Каталіцкім Цэрквам важную ролю і таму запрасіў усіх кіраўнікоў гэтых супольнасцяў у бліжэйшы час сустрэцца на сумесным пасяджэнні ў Ватыкане. Аб гэтым паінфармаваў прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў, кардынал Леанарда Сандры. Ён пачаў 3 кастрычніка 2013 г. візіт у Германію, у рамках якога сустрэнецца з членамі Ініцыятыў дапамогі Усходнім Цэрквам (ROACO) – аб’яднання дабрачынных арганізацый з усяго свету, якія фінансава падтрымліваюць дзейнасць хрысціян Блізкага Усходу.

Як былы ардынарый для вернікаў усходняга абраду ў Аргентыне Францішак добра ведае іх праблемы, сказаў кардынал Сандры аўстрыйскаму каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву. “Я думаю, што Усходнія Каталіцкія Цэрквы, у святле ІІ Ватыканскага Сабору, нясуць адмысловае экуменічнае пакліканне і з’яўляюцца мадэллю бачнага адзінства – у разнастайнасці”, - падкрэсліў іерарх.

Цэрквы Егіпта, на яго думку, адыгрываюць ключавую ролю для хрысціянства на Блізкім Усходзе. Егіпет з’яўляецца краінай з большасцю хрысціян у рэгіёне, дзе яны складаюць неад’емную частку грамадства. Разам з мусульманамі яны хацелі змагацца за лепшую будучыню для моладзі і сем’яў, падкрэсліў кардынал Сандры. Ватыканскі іерарх папрасіў хрысціян быць салідарнымі ў гэтым пытанні з мусульманамі на Блізкім Усходзе.







All the contents on this site are copyrighted ©.