2013-10-03 15:37:34

Кс. Ламбардзі: паўстане цалкам новы дакумент аб працы Рымскай курыі


RealAudioMP3 Пасля заканчэння пасяджэнняў Рады кардыналаў павінна паўстаць новая канстытуцыя, якая будзе тычыцца дзейнасці Рымскай курыі. Пра гэта расказаў 3 кастрычніка 2013 г. журналістам кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы. Паводле святара, гаворка ідзе не простыя пра дадаткі да канстытуцыі “Pastor bonus”, але аб стварэнні цалкам новага дакумента на тэму працы і місіі Рымскай курыі. “Такім чынам, гаворка ідзе не пра касметычныя змены ці маленькія папраўкі”, - сказаў кіраўнік Залы Друку і дадаў, што на падрыхтоўку новага дакумента спатрэбіцца пэўны перыяд часу.

Кс. Ламбардзі таксама адзначыў, што ўвага удзельнікаў пасяджэння звярталася на функцыі і ролю Дзяржсакратарыяту. Яны пагадзіліся, што “Дзяржаўны сакратарыят павінен быць сакратарыятам Папы, папскім сакратарыятам”, а слова “дзяржаўны” не павінна ствараць непаразуменняў. Кс. Ламбардзі падкрэсліў, што сакратарыят павінен служыць усяму Паўсюднаму Касцёлу. Папа і кардыналы ўжо разважаюць над тым, якія парады і накірункі для працы даць новаму Дзяржсакратару Пьетра Параліну, які прыступіць да выканання сваіх абавязкаў 15 кастрычніка 2013 г.

Гаворка ішла таксама пра магчымасць стварэння новай пасады – “moderator curiae” (мадэратар курыі), якую б займаў чалавек, у заданні якога ўваходзіла б каардынацыя супрацоўніцтва паміж дыкастэрыямі, установамі і Папам. Гэта ідэя, паводле кс. Ламбардзі, пакуль знаходзіцца на стадыі гіпотэзы.








All the contents on this site are copyrighted ©.