2013-10-03 11:43:56

Духоўная сувязь Папы са св. Францішкам Асізскім


RealAudioMP3 4 кастрычніка папа Францішак наведае горад апекуна свайго пантыфікату св. Францішка Асізскага. Праграма візіту Пантыфіка наcычаная і, больш чым афіцыйны візіт, нагадвае пілігрымку па месцах, звязаных з жыццём Бедняка з Асізі. Папа пройдзе вуліцамі горада, памоліцца перад магілай “рыцара Панны-беднасці” і крыжам, з якога св. Францішак пачуў словы “Ідзі і адбудуй Касцёл мой”, наведае горную пустэльню, дзе святы праводзіў доўгія дні на малітве. Усё гэта нагадвае пра глыбокую духоўную сувязь Пантыфіка з яго апекуном. Варта дадаць, што ў яго пакоі ў Доме св. Марты знаходзіцца абраз асізскага Бедняка.На працягу свайго пантыфікату Папа шмат разоў узгадваў пра св. Францішка і ўказваў на яго прыклад. Першы раз ён зрабіў гэта падчас сустрэчы з супрацоўнікамі СМІ праз тры дні пасля свайго абрання. “Для мяне ён чалавек беднасці, чалавек спакою, чалавек, які любіць і бароніць стварэнне”, - казаў Пантыфік. Менавіта любоў св. Францішка да бедных стала галоўнай прычынай абрання яго папскага імені, прызнаўся сам Пантыфік, звяртаючыся да прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы 22 сакавіка 2013 г.

Перад гэтым, 17 сакавіка 2013 г., падчас сваёй першай малітвы “Анёл Панскі” на плошчы св. Пятра, Францішак дадаў, што выбраў імя апекуна Італіі, які “умацуе” яго “духоўную сувязь” з гэтай краінай. А падчас св. Імшы на пачатак пантыфікату 19 сакавіка 2013 г. Святы Айцец звяртаў увагу на абавязак “мець павагу да кожнага стварэння Божага і асяроддзя, у якім жывём”, па-прыкладзе св. Францішка.

У сваёй першай энцыкліцы “Lumen fidei” Пантыфік нагадаў, што пракажоныя сталі для св. Францішка Асізскага “пасярэднікамі святла”, а звяртаючыся да удзельнікаў Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра 24 ліпеня 2013 г., Папа адзначыў: “Нам усім неабходна навучыцца абдымаць патрабуючых, як рабіў св. Францішак”.

У інтэрв’ю дырэктару італьянскай “La Reppublica” Эўджэніа Скальфары, Папа прызнаўся, што яму падабаюцца містыкі, да якіх ён адносіць таксама св. Францішка. Паводле Святога Айца, ён быў “чалавекам, які хацеў рабіць, будаваць”, “любіў прыроду”, “але перш за ўсё любіў людзей”.








All the contents on this site are copyrighted ©.