2013-10-02 12:44:46

Прэфект ватыканскай кангрэгацыі адправіцца ў Германію


RealAudioMP3 Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў наведае Германію. Візіт кардынала Леанарда Сандры пачнецца 3 кастрычніка 2013 г. і працягнецца чатыры дні. Ён будзе прымеркаваны да кампаніі буйной дабрачыннай арганізацыі “Missio”, якая займаецца дапамогай Касцёлу ў бедных краінах Афрыкі і Лацінскай Амерыкі. “Місійны месяц”, падчас якога будуць збірацца сродкі на фінансаванне праектаў, распачнецца св. Імшоў у Кёльнскім саборы; яе ўзначаліць ватыканскі іерарх разам з Патрыярхам Копцка-Каталіцкай Царквы Ібрагімам Сідракам і арцыбіскупам Кёльнскім, кардыналам Ёахімам Майснэрам.

У наступныя дні прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў сустрэнецца з кіраўнікамі каталіцкіх дабрачынных арганізацый, з якімі абмяркуе стратэгію далейшай дапамогі “патрабуючым” Касцёлам, перш за ўсё, у Іраку, Егіпце, Сірыі, і Святой Зямлі.

З Патрыярхам Копцка-Каталіцкай Царквы ватыканскі іерарх абмяркуе падзеі ў даліне Ніла, дзе ў апошнія месяцы ў ходзе жорсткіх сутыкненняў паміж грамадзянскім насельніцтвам мела месца некалькі актаў, накіраваных супраць хрысціянскіх цэркваў, святароў і вернікаў.

Кардынал Сандры сустрэнецца таксама з халдэйскай супольнасцю ў нямецкім Эсэне, каб такім чынам прыцягнуць увагу заходніх грамадстваў да прысутнасці ў іх вернікаў усходніх каталіцкіх Цэркваў, якія ў большасці з’яўляюцца эмігрантамі.

Дабрачынная арганізацыя “Missio” была заснавана ў 1922 г. для дапамогі замежным місіям і з таго часу ператварылася ў адзін з самых буйных каталіцкіх фондаў. Яна дапамагае мясцовым Касцёлам у краінах, дзе пануюць крызіс, беднасць і нявызначанасць. Мэта дзейнасці “Missio” – падтрыманне мясцовых супольнасцяў і навучанне і выхаванне будучых касцёльных лідэраў.







All the contents on this site are copyrighted ©.