2013-10-02 10:41:33

Касцёл павінен быць адкрытым на грэшнікаў


RealAudioMP3 Бог хоча, каб Касцёл быў адкрыты на грэшнікаў, быў домам, дзе кожны зможа быць абноўлены, пераменены і асвечаны Яго любоўю, лічыць папа Францішак. Ён сустрэўся 2 кастрычніка 2013 г. з вернікамі падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра У сваёй катэхезе Пантыфік патлумачыў, чаму Касцёл называецца святым. Ён нагадаў, што гэта ўсведамлялі яшчэ першыя хрысціяне: яны называлі адзін аднаго “святымі”, бо “былі перакананыя ў тым, што дзейнасць Бога, Святога Духа асвячае Касцёл”. “Касцёл святы, бо паходзіць ад Бога, Які сам з’яўляецца святым, верным і не пакідаючым яго на ўладу смерці і зла. Ён Святы, таму што Езус Хрыстус, Святы Божы, паяднаны непарыўным чынам з ім; святы, таму што кіруецца Святы Духам, Які яго ачышчае, перамяняе, абнаўляе. Касцёл святы не дзякуючы нашым заслугам, але таму што Бог яго робіць святым”, - адзначыў Папа.

“Вы можаце мне сказаць: але Касцёл складаецца з грэшнікаў, мы бачым гэта кожны дзень. І сапраўды, гэта так: мы – Касцёл грэшнікаў; і мы грэшнікі пакліканы дазволіць Богу перамяніць нас, абнавіць, асвяціць. У гісторыі існавала спакуса ў некаторых, якія сцвярджалі, што Касцёл толькі для чыстых, тых, хто цалкам годны, а іншыя павінны быць выгнаны. Не! (...) Касцёл, які з’яўляецца святым, не адчужае грэшнікаў; наадварот, ён іх прыцягвае, ён адкрыты таксама на самых далёкіх, кліча ўсіх дазволіць ахапіць сябе міласэрнасці, пяшчоце і прабачэнню Бога, Які ўсім дае магчымасць сустрэць сябе, крочыць у накірунку святасці”, - сказаў Пантыфік.

Паводле Папы, калі чалавек усведамляе сваю вялікую грэшнасць, Касцёл не закрыты для яго, а, наадварот, Бог хоча каб мы казалі: “Пане вось я тут, з маімі грахамі. Прабач мяне, дапамажы крочыць, перамяні маё сэрца”.

“Бог, Якога сустракаем у Касцёле – гэта не бязлістасны суддзя, але Айцец з евангельскай прыпавесці. Ты можаш быць як сын, які пакінуў дом, які дакрануўся да краю аддаленнасці ад Бога. Калі маеш сілы сказаць: хачу вярнуцца дамоў – знойдзеш адкрытыя дзверы, Бог выходзіць табе насустрач, таму што заўсёды чакае, Ён цябе абдыме, пацалуе і зладзіць свята. (…) Пан хоча, каб мы былі часткай Касцёла, здольнага раскрыць рукі, каб прыняць усіх; Касцёла, які не з’яўляецца домам толькі для некаторых, але домам усіх, у якім усе змогуць быць абноўлены, пераменены, асвечаны Яго любоўю – і самыя моцныя і самыя слабыя, і грэшнікі і абыякавыя, і тыя, хто адчувае сябе разгубленым і страчаным”, - падкрэсліў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў адказаць сабе: ці мы з’яўляемся Касцёлам, які кліча і з раскрытымі рукамі прымае грэшнікаў, які дае адвагу і надзею, ці з’яўляемся Касцёлам, у якім жывуць Божай любоўю, у якім пануе ўвага да бліжніх, у якім моляцца адзін за аднаго? Пантыфік заклікаў вернікаў, не баяцца святасці, не баяцца глядзець увышыню, дазволіць Богу любіць і ачышчаць сябе, нават калі існуе пачуццё слабасці і грэшнасці. “Кожны хрысціян пакліканы да святасці; святасць не заключаецца ў тым, каб рабіць незвычайныя рэчы, але ў тым, каб дазволіць дзейнічаць Богу”, - сказаў Францішак і заклікаў вернікаў ісці шляхам святасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.