2013-10-02 11:49:59

Ватыканскі дыпламат у ААН пра адказнасць за мір і канфлікт у Сірыі


RealAudioMP3 Мір з’яўляецца неабходнай умовай для інтэгральнага развіцця чалавека і свету і можа быць дасягнуты толькі, калі кожная дзяржава “цалкам прыме адказнасць за агульнае дабро ўсіх”. Гэта падкрэсліў 1 кастрычніка 2013 г. у Нью-Ёрку арцыбіскуп Дамінік Мамбэрці, сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, у сваім выступленні на 68-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, прысвечанай сітуацыі ў Сірыі. Ён падкрэсліў, што пасля крызісу 2008 г., існуе пільная патрэба ў новай, больш справядлівай і адказнай, міжнароднай фінансавай сістэме.

На думку ватыканскага іерарха, трэба таксама вярнуцца “да асноватворных прынцыпаў”, пачынаючы з абмежавання прымянення сілы для вырашэння канфліктаў . Ён з жалем адзначыў, што створаныя ААН механізмы не змаглі прадухіліць сур’ёзныя грамадзянскія і рэгіянальныя беспарадкі і абараніць насельніцтва ў Конга , Цэнтральнай Афрыцы і на Блізкім Усходзе. Нягледзячы на гэтыя цяжкасці, паводле арцыбіскупа, вопыт ААН па падтрыманні і ўмацаванні міру варта разглядаць у цэлым станоўча.

Іерарах выказаўся адносна трагедыі ў Сірыі, падкрэсліўшы глыбокую заклапочанасць Святога Пасаду лёсам хрысціянскіх супольнасцяў і іншых меншасцяў, якія, па яго словах, “не павінны быць вымушаны пакідаць краіну, а, наадварот, павінны адыгрываць сваю ролю ў будучай палітычнай канфігурацыі краіны і ўнесці свой уклад у агульнае дабро”. Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы чарговы раз заклікаў да выкарыстання дыпламатычных, эканамічных і грамадскіх рэсурсаў для вырашэння сітуацыі ў Сірыі. Мірнае і доўгатэрміновае рашэнне сірыйскага канфлікту, на думку сакратара па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, створыць важны і станоўчы прэцэдэнт для бягучага стагоддзя.







All the contents on this site are copyrighted ©.