2013-10-02 10:17:31

Бэнэдыкт XVI аднавіў сілы і актыўна заняўся асабістай перапіскай


RealAudioMP3 Кс. Георг Ратцынгер ахарактэрызаваў адносіны свайго брата Бэнэдыкта XVI і яго пераемніка папы Францішка як “пазбаўленыя складанасцяў”. “Мой брат не ўмешваецца ў бягучае кіраўніцтва”, - распавёў прэлат інтэрнэт-версіі выдання “Passauer Neuen Presse”. У той жа час, Францішак пастаянна цікавіцца меркаваннем свайго папярэдніка, бо цэніць яго як чалавека і як тэолага. “Суадносіны абодвух знаходзяцца ў поўнай гармоніі”, - сказаў кс. Георг Ратцынгер.

Падчас свайго прабывання ў брата з 29 ліпеня па 22 жніўня у кляштары “Mater Ecclesiae” прэлат сустрэўся з Францішкам, які аднойчы быў госцем на абедзе. “Гэта было вельмі прыемна. Ён сімпатычны і з пачуццём гумару чалавек, які любіць жартаваць”, - сказаў кс. Ратцынгер і дадаў, што размова вялася ў асноўным па-італьянску .

Ён прызнаўся, што ў кляштары “Mater Ecclesiae” пануе строгі распарадак дня. Дзень пачынаецца ў восем гадзін раніцы св. Імшой, затым адбываецца малітва на Брэвіярыі і сняданак. Грае на раялі Бэнэдыкт XVI ня шмат, і як аўтар ён больш не працуе. Ён поўнасцю заняты сваёй перапіскай.

У сваю чаргу арцыбіскуп Георг Генсвайн, бліжэйшы супрацоўнік Бэнэдыкта XVI, заявіў, што пасля сваёй адстаўкі Папа на пенсіі аднавіў сілы. “Ён моліцца, чытае, працуе над асабістай перапіскай, слухае музыку, прымае наведвальнікаў”, - прызнаўся іерарх у інтэрв’ю часопісу “Bunte”.

Вядома, Бэнэдыкт XVI вымушаны змагацца “з тым ці іншым фізічным недахопам”, які прыносіць з сабой ўзрост, але інтэлектуальна ён застаецца такім жа моцным.

Папа Францішак часта наведвае свайго папярэдніка і тэлефануе яму, адносіны паміж імі склаліся цёплыя і даверлівыя, прызнаўся арцыбіскуп Генсвайн, які апрача таго, што з’яўляецца асабістым сакратаром Бэнэдыкта XVI, займае пасаду прэфекта Папкага Дому.







All the contents on this site are copyrighted ©.