2013-10-01 15:11:18

На грэцкім Родасе збяруцца разам дзяржаўныя, грамадскія і рэлігійныя лідэры


RealAudioMP3 Праблемы міжрэлігійнага дыялогу, сучасны стан і дынаміка развіцця хрысціянства і ісламу, механізмы абароны правоў хрысціянскіх меншасцяў будуць абмяркоўвацца на 11-й сесіі Сусветнага грамадскага форуму “Дыялог цывілізацый”, які па традыцыі адкрыецца 2 кастрычніка 2013 г. на грэцкім востраве Родас. Нароўні з рэлігійнымі аспектамі сучаснай цывілізацыі, больш за 500 удзельнікаў з 80 краін свету на пленарных пасяджэннях, 16 секцыях і круглых сталах абмяркуюць сітуацыю ў свеце падчас крызісу, праблемы еўразійскай інтэграцыі, сям’і, адукацыі, культуры і новых тэхналогій. Размова засяродзіцца таксама на сітуацыі хрысціян на Блізкім Усходзе. У пачатку верасня ў Вене члены каардынацыйнага камітэта “Дыялогу цывілізацый” прынялі рэзалюцыю па Сірыі, у якой рашуча асудзілі сілавыя метады рашэння канфлікту.

У пачатку новага тысячагоддзя форум ствараўся індыйскім мысляром Джагдзішам Капурам, прадпрымальнікам з Грэцыі Нікаласам Папаніколау і расійскім грамадскім дзеячам Уладзімірам Якуніным, цяперашнім кіраўніком “Расійскай чыгункі”, як пляцоўка абмеркавання актуальных праблем у перыяд глабалізацыі.

Форум падтрымліваюць дзяржаўныя, грамадскія, рэлігійныя лідэры, навукоўцы і дзеячы культуры краін Еўропы і Азіі, блізкаўсходняга рэгіёну, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі. Форум працуе са шматлікімі грамадскімі арганізацыямі і міжнароднымі інстытутамі па ўсім свеце. У іх ліку: ААН, ЮНЕСКА, Арганізацыя Лігі арабскіх дзяржаў па пытаннях адукацыі, культуры і навукі, Савет Еўропы, Арганізацыя ісламская канферэнцыя.







All the contents on this site are copyrighted ©.