2013-10-01 11:14:25

Дырэктар Ватыканскага банка пра першы за 125-гадовую гісторыю даклад


RealAudioMP3 Генеральны дырэктар Інстытута рэлігійных спраў, вядомага пад назвай Ватыканскі банк, адзначыў гістарычнасць публікацыі гадавога дакладу аб дзейнасці гэтай ватыканскай структуры. Даклад стаў першым за 125-гадовую гісторыю існавання банка і змяшчае апісанне працы ўстановы ў 2012 г. і за першыя восем месяцаў 2013 г., заявы назіральнага савета і кардынальскай камісіі. Дакумент утрымлівае больш за 60 старонак падрабязнай фінансавай справаздачнасці. Эрнст фон Фрэйберг лічыць, што не трэба быць бухгалтарам, каб на аснове дыкументу зразумець і прааналізаваць працу Інстытута рэлігійных спраў.

Дырэктар нагадаў, што на працягу апошняга часу ў банку праводзіўся знешні аўдыт. За апошнія шэсць месяцаў не з’явілася нейкіх новых фактаў адносна яго працы, кліентаў і місіі. Інстытут, па словах фон Фрэйберга – гэта дастаткова кансерватыўна кіраваная фінансавая ўстанова, якая дакладна сочыць за захаваннем актываў і здзяйсняе “кансерватыўныя” інвестыцыі, як дзяржаўныя аблігацыі і банкаўскія дэпазіты. У выніку, Ватыканскі банк з’яўляецца ўстановай з высокай капіталізацыяй. У канцы 2012 г. уласны капітал банка склаў 15 %, што нашмат вышэй падобных фінансавых інстытутаў.

Публікацыя дакладу стала адным з этапаў ажыццяўлення палітыкі празрыстасці Ватыканскага банка. Яна, па словах генеральнага дырэктара, заснавана “на трох кітах”: супрацоўніцтве са СМІ і ўдзеле ў прамым, адкрытым і сістэматычным дыялогу з імі; стварэнні інтэрнэт-старонкі, якая магла б служыць у якасці аўтарытэтнай крыніцы інфармацыі аб інстытуце; і публікацыі гадавога дакладу.

Эрнст фон Фрэйберг адзначыў, што даклад скіраваны ў першую чаргу да Касцёла. “У свеце каля аднаго мільярда католікаў, якія маюць права ведаць, што ў гэтай сферы робіць Святы Пасад. Яны таксама маюць права разумець, якім чынам мы ўносім уклад у дабрабыт Касцёла на ўсім свеце”, - адзначыў кіраўнік Ватыканскага банка. Важна, каб партнёры ўстановы таксама ведалі аб яе фінансавай устойлівасці і добрым кіраванні. Адрасатамі дакладу таксама з’яўляюцца СМІ, фінансавыя аналітыкі і грамадства ў цэлым.

Наступным крокам для банка, па словах яго дырэктара, будзе перагляд працы з кліентамі і паляпшэнне паслуг для іх.

Фон Фрэйберг нагадаў, што да канца гэтага года або ўжо ў наступным Святы Айцец прыме рашэнне, у якім накірунку будзе развівацца Інстытут рэлігійных спраў.







All the contents on this site are copyrighted ©.