2013-09-29 12:51:46

Святы Айцец заклікаў катэхетаў не ўпасці ў духоўную амнэзію


RealAudioMP3 Папа Францішак перасцярог катэхетаў ад спачывання на лаўрах, прыстасавальніцтва, мірскога падыходу да жыцця і духоўнасці, абсалютызацыі дабрабыту. 29 верасня 2013 г. Францішак узначліў Эўхарыстыю для ўдзельнікаў Міжнароднага катэхетычнага кангрэсу і настаўнікаў рэлігіі з нагоды Дзён катэхетаў, якія распачаліся 28 верасня 2013 г. у рамках Года веры. “Катэхет – гэта хрысціянін, які нясе ў сабе памяць пра Бога, дазваляе Божай памяці вясці сябе ў сваім жыцці і ўмее абудзіць яе ў сэрцах іншых людзей”, - сказаў Папа ў сваё гаміліі на плошчы св. Пятра ў Ватыкане. Ён назваў сапраўднай небяспекай для сучаснага катэхета ляноту, спачыванне на лаўрах і пошук дабрабыту любым коштам, і прывёў прыклад багацея з нядзельнага Евангелля. “Калі рэчы, грошы, мірскі падыход становяцца цэнтрам жыцця – яны захопліваюць нас, завалодваюць намі, а мы губляем характэрную нам чалавечую тоеснасць: евангельскі багацей не мае імені, гэта проста “багацей”, - сказаў Пантыфік.

Францішак паставіў пытанне: “Чаму людзі, а магчыма і мы, трапляем у небяспеку закрыцця ў сабе, даверу да рэчаў, якія ў канчатковым рахунку крадуць у нас твар, нашу чалавечую прыроду?”. Паводле Папы, “гэта адбываецца, калі мы забываемся пра Бога”. “Калі няма памяці пра Бога, гэта ўсё абмяжоўваецца да “я”, да майго дабрабыту. Жыццё, свет, іншыя людзі губляюць вартасць, ужо нічога не значаць, усё зводзіцца да аднаго вымярэння – уласнасці”, - падкрэсліў Святы Айцец. На яго думку, калі чалавек губляе памяць пра Бога, губляе сваю вартасць.

Францішак задаўся пытаннем: кім з’яўляецца сучасны катэхет? Паводле яго, гэта чалавек, які “абараняе і стымулюе памяць пра Бога”, “захоўвае яе ў сабе і мае здольнасць абудзіць яе ў іншых”. Сённяшні катэхет, перакананы Пантыфік, павінен быць падобным на Дзеву Марыю, якая не думала “пра славу, прэстыж, багацце, не замыкалася ў сабе”.

Вера кожнага хрысціяніна павінна ўключаць “памяць аб гісторыі Бога з намі, памяць аб сустрэчы з Богам”, лічыць Папа, менавіта “вера – гэта памяць аб Яго Слове, якое запальвае сэрца, аб яго збаўчай дзейнасці, праз якую Ён дае нам жыццё, ачышчае нас, лечыць і сілкуе”. Катэхет ніколі не павінен “гаварыць пра сябе, але пра Бога, Яго любоў, Яго вернасць”, - адзначыў Святы Айцец.

Катэхізіс, паводле Францішка, гэта і ёсць “памяць пра Бога, памяць аб Яго дзейнасці ў гісторыі, Яго быцці, якое стала блізкім да нас у Хрысце, прысутным у Яго слове, сакрамэнтах, у Яго Касцёле, у Яго любові”. Служэнне катэхета, не лёгкае, заўважыў Папа, яно патрабуе намаганняў і ўключэння ў сябе ўсяго жыцця.

Пантыфік заклікаў сабраных на Эўхарыстыі ня быць людзьмі “бесклапотнымі”, будуючымі сваю бяспеку на сабе і рэчах. Катэхет тады з’яўляецца “чалавекам памяці пра Бога”, калі мае пастаянныя і жыватворныя адносіны з Ім і сваім бліжнім; калі сапраўды верыць у Бога і на Ім будуе сваю бяспеку; калі ён – чалавек міласэрнасці і любові, успрымаючы ўсіх, як братоў; калі са спакоем і надзеяй на Пана перамагае цяжкасці і няўдачы; калі з’яўляецца чалавекам лагодным, здольны да разумення і міласэрнасці, лічыць папа Францішак.

Пантыфік заклікаў катэхетаў намагацца быць людзьмі, якія ахоўваюць памяць пра Бога ў сваім жыцці і намагаюцца абудзіць яе ў сэрцах іншых.







All the contents on this site are copyrighted ©.