2013-09-29 14:19:40

Кансісторый і дата кананізацыі Яна XXIII і Яна Паўла II


RealAudioMP3 30 верасня 2013 г. на працягу кардынальскага кансісторыя папа Францішак абвесціць дату кананізацыі благаслаўлёных Яна XXIII і Яна Паўла II. Найбольш верагоднай лічыцца нядзеля Божай Міласэрнасці 27 красавіка 2014 г. Пантыфік сам сказаў аб гэтым падчас прэс-канферэнцыі ў самалёце на зваротным шляху з Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра. У гутарцы з журналістамі ён адзначыў, што Ян XXIII сваім служэннем крыху нагадваў вясковага святара, які любіць кожнага са сваіх парафіян. Ён быў такім і як біскуп, і як Папа. У свой час, у якасці папскага дэлегата ў Турцыі, ён выдаў шэраг фальшывых пасведчанняў аб хросце яўрэям, жадаючы выратаваць іх.

Святы Айцец нагадаў таксама, што за дваццаць дзён да смерці Ян XXIII прыняў арцыбіскупа Агасціна Казаролі, які паведаміў яму аб сваіх візітах ва Усходнім блоку. Перад адыходам арцыбіскупа Папа спытаўся ў яго, ці ён па-ранейшаму наведвае малалетніх вязняў. Казаролі адказаў тады, што ніколі не пакіне іх.

Кажучы пра Яна Паўла II Францішак адзначыў у той час, што ён быў вялікім місіянерам Касцёла, які нёс агонь Евангелля, як св. Павел. Агульная кананізацыі Пантыфікаў стане пасланнем да Касцёла – бо гэта выдатныя і адважныя людзі.

5 ліпеня 2013 г. са згоды папы Францішка Кангрэгацыя па справах Кананізацыі выдала дэкрэт аб прызнанні цуду праз заступніцтва бл. Яна Паўла II. Ён адбыўся 1 мая 2011 г., у дзень беатыфікацыі Папы, у Коста-Рыцы. Маладая жанчына, якая пакутавала ад анеўрызмы галаўнога мозгу, малілася аб заступніцтве Яна Паўла II і ўключылася праз тэлебачанне ў малітву ўсяго Касцёла. У канцы цырымоніі беатыфікацыі заснула, а калі прачнулася на наступны дзень, адчула, што сімптомы зніклі. Унутраны голас сказаў ёй: “Уставай, ня бойся, вазьмі сваё жыццё нанова”.

У выпадку Яна XXIII Пантыфік зрабіў выключэнне і пагадзіўся з кананізацыяй без неабходнага цуду аздараўлення праз яго заступніцтва, прняўшы пад увагу цуд, які быў зацверджаны для беатыфікацыі ў 2000 г.

Ян Павел II быў абвешчаны благаслаўлёным 1 мая 2011 г. папам Бэнэдыктам XVI. У выпадку Яна XXIII гэта адбылося разам з Піем IX 3 верасня 2000 г.







All the contents on this site are copyrighted ©.