2013-09-28 11:35:43

Праваслаўны Патрыярх выказаўся на карысць візіту Папы ў Сербію


RealAudioMP3 Патрыярх Сербскай Праваслаўнай Царквы Ірыней заклікаў да збліжэння з Каталіцкім Касцёлам і выказаўся на карысць візіту Папы ў Сербію, хоць адзначыў, што час для яго яшчэ не наспеў. У інтэрв’ю “Frankfurter Allgemeine Zeitung” іерарх спаслаўся на больш за 200 тыс. сербаў, вымушаных пакінуць свае дамы і цэрквы ў Харватыі (у выніку сербска-харвацкай вайны 1991-1995 гг.), і пражываючых у складаных умовах у Сербіі. Многія з іх, адзначыў ён, не хацелі б бачыць главу Каталіцкага Касцёла ў Сербіі, паколькі свае пакуты звязваюць з католікамі-харватамі.

Такім чынам, час для візіту Папы яшчэ не прыйшоў, адзначыў Патрыярх і дадаў, што ў яго таксам ёсць сур’ёзныя апасенні, ці сербскія ўлады змогуць гарантаваць Пантыфіку належную бяспеку. Ірыней, у першым у гісторыі інтэрв’ю Патрыярха Сербскай Праваслаўнай Царквы для замежнай газеты, нагадаў, што Сербія з’яўляецца адной з нямногіх еўрапейскіх краін, якія ніколі не наведваў Папа. Нават Ян Павел II не здзейсніў сюды візіту.

Нягледзячы на праблемы, Патрыярх станоўча ацаніў збліжэнне праваслаўя і каталіцызму. Ідэальным месцам, якое прычынілася б да паяднання Каталіцкага Касцёла і Сербскай Праваслаўнай Царквы, Ірыней назваў паўднёва-сербскі горад Ніш, радзіму імператара Канстанціна, які 1700 гадоў таму Міланскім эдыктам замацаваў належнае месца хрысціянства ў Еўропе.

Гадавіна, паводле праваслаўнага іерарха, гэта добрая “магчымасць для ўсіх прадстаўнікоў хрысціянскіх супольнасцяў і Цэркваў сабрацца пасля стагоддзяў у значным месцы для ўдзелу ў дыялогу”. Асабліва важна гэта было б для праваслаўных і католікаў, “настолькі блізкіх сабе”, пасля столькіх вякоў сабрацца да дыялогу, лічыць Патрыярх. Ён выступіў таксама са смелай ідэяй аб правядзенні экуменічнага сабору.







All the contents on this site are copyrighted ©.