2013-09-28 14:15:27

Кардынал: “Pastor Bonus” больш не можа быць кропкай адліку ў рэформе Рымскай курыі


RealAudioMP3 Існуючая сістэма працы Рымскай курыі ўжо не адказвае патрабаванням часу, а рэформа цэнтральных органаў Касцёла патрабуе працяглага абмеркавання і разважання, сказаў кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга. Гандураскі іерарх з’яўляецца каардынатарам створанай Пантыфікам 13 красавіка 2013 г. групы з васьмі кардыналаў, якія павінны дапамагаць Святому Айцу ў кіраванні Сусветным Касцёлам і заняцца вывучэннем праекту перагляду канстытуцыі “Pastor Bonus” у пытанні рэарганізацыі Рымскай курыі. Ён даў інтэрв’ю канадскаму каталіцкаму тэлебачанню “Salt and Light Television”. Святы Айцец сустрэнецца з Групай 1-3 кастрычніка ў Ватыкане.

Кардынал Марадзьяга прызнаўся, што ўжо праз чатыры дні пасля свайго абрання папа Францішак вырашыў, што арцыбіскуп Паралін стане новым Дзяржаўным сакратаром, хоць прызначэнне адбылося ў канцы жніўня. Гаворачы аб рэформе Рымскай курыі, арцыбіскуп Тэгусігальпу адзначыў, што на гэты конт было атрымана шмат прапаноў з розных краін свету. Толькі з Лацінскай Амерыкі надышло 80 старонак матэрыялаў.

Перад сустрэчай са Святым Айцом розныя прапановы былі згрупаваныя ў адпаведнасці з асноўнымі тэмамі. Кардынал бачыць у іх значныя падабенствы, што дазваляе яму без сумневу казаць пра дзеянне Святога Духа. Па словах каардынатара кардыналькай групы, Апостальская канстытуцыя “Pastor Bonus” больш не можа быць кропкай адліку ў працы над рэформай Рымскай курыі. Настала неабходнасць распрацоўкі новага дакумента, і гэта запатрабуе працяглага абмеркавання і разважання, сказаў каардынтар “групы васьмі”.

Раней кардынал Марадзьяга заяўляў, што амаль адразу пасля стварэння кардынальская група пачала інтэнсіўна працаваць. У яго ўжо была магчымасць абмеркаваць бягучыя пытанні непасрэдна з папам Францішкам. Гэта адбылося падчас візіту Пантыфіка ў Рыа-дэ-Жанейра, дзе кардынал Марадзьяга праводзіў катэхезы ў рамках Сусветных дзён моладзі. Іерарх заяўляў таксама, што дзякуючы сабраным прапановам ужо створаны свайго роду рабочы дакумент, які стане асновай для абмеркавання падчас сустрэчы з Папам.







All the contents on this site are copyrighted ©.