2013-09-26 11:37:36

Пантыфік: праблемы – гэта шлях, каб пазнаёміцца ​​з Езусам


RealAudioMP3 Каб ведаць Хрыста, трэба мець з ім пастаянную сувязь і падтрымліваць яе кожны дзень, лічыць папа Францішак. На яго думку, сапраўднае знаёмства з Езусам можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі ў гэты працэс будуць уключаны розум і сэрца, ажыўленыя дзеяннем. Хто ён і адкуль узяўся ? Гэта пытанне Ірада адносна Хрыста паўтарыў Святы Айцец да сабраных на Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 26 верасня 2013 г. Яго, паводле Папы, ставіць кожны, хто сутыкаецца з Езусам. Прычым, часта яно нараджаецца ў двух выпадках: з цікаўнасці або для бяспекі. Сапраўды, многія баяліся Збаўцы, паколькі Ён быў “небяспечны” для іх планаў, заўважыў Святы Айцец. “Езус стварае праблемы”, - адзначыў Пантыфік і дадаў, што Яго не можна пазнаць уцякаючы ад цяжкасцяў, шукаючы камфорту. На думку Папы, менавіта праблемы – “гэта шлях, каб пазнаёміцца з Езусам”. Вядома, дадаў ён, “можна пазнаць Езуса праз Катэхізіс”, паколькі гэта кніга “вучыць нас многім рэчам пра Хрыста”, і не можна ад гэтага адмаўляцца. “Але колькі тых, хто прачытаў Катэхізіс Каталіцкага Касцёла?”, - запытаў Францішак. “Так, трэба пазнаваць Езуса ў Катэхізісе. Але не дастаткова пазнаць Яго інтэлектуальна: гэта толькі крок”, - заўважыў ён.

“Есуса неабходна пазнаваць у дыялогу з Ім, размаўляць з Ім у малітве, стоячы на каленях”, - падкрэсліў Пантыфік і звярнуўся да кожнага з забраных: “Калі ты не молішся , калі не размаўляеш з Езусам – ты не ведаеш Яго”.

Разам з інтэлектуальным пазнаннем Хрыста, праз Катэхізіс, і эмацыянальным – праз малітву і дыялог, існуе і трэці спосаб ведаць Езуса – ісці з Ім, адзначыў Францішак, трэба вандраваць са Збаўцай па шляхах сучаснага свету, пазнаваць яго праз “мову дзеянняў”.

Але нічога не дапаможа пазнаць Хрыста, заўважыў Папа, калі чалавек не ўвойдзе ў сувязь з Ім, не прысвеціць сваё жыццё для Яго.







All the contents on this site are copyrighted ©.