2013-09-25 14:51:23

Прадстаўнік Святога Пасаду на форуме аб рэдкіх хваробах


RealAudioMP3 Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы, арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі прымае ўдзел у канферэнцыі пад назвай “Мы рэдкія, але нас шмат”, прысвечанай рэдкім хваробам. Форум праходзіць у Рыме па ініцыятве італьянскай асацыяцыі “Джузэпэ Дасэці: каштоўнасці, развіццё і клопат аб правах”. 25 верасня старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя выступіў з дакладам, у якім адзначыў, што абавязак супрацоўніцтва паміж усімі дзеля пабудовы лепшай будучыні тычыцца таксама медыкаў і душпастыраў, “для”, і, перш за ўсё, “з” хворымі, каб “ніхто не адчуваў сябе пазбаўленым клопату, належнага асобе і яе здароўю”.

Іерарх нагадаў, што так званыя “рэдкія хваробы” прыносяць цяжкія пакуты хворым, а адной з прычын гэтага з’яўляюцца цяжкасці з дыягназаваннем і лячэннем, таксама і ў краінах развітых эканамічна, навуковага і тэхналагічна. Больш за тое, нават у выніку выяўлення хваробы і прадпісання адпаведнай для яе лячэння тэрапіі ўзнікаюць цяжкасці з пошукам неабходных лекаў, выпуск якіх абмежаваны і недастатковы, у сувязі з адсутнасцю вялікага попыту на іх. Таму арцыбіскуп Зімоўскі нагадаў заклік Яна Паўла ІІ пра тое, што “у фармацэўтычнай індустрыі эканамічны прыбытак не павінен дамінаваць над чалавечымі каштоўнасцямі”.

Іерарх адзначыў, што Апостальская Сталіца на працягу многіх гадоў знаходзіцца ў першых шэрагах тых, хто патрабуе, каб “логіка прыбытку не ставіла пад пагрозу жыццё, (...), інтэгральнае здароўе асобы, а таксама павагу да чалавека і народаў”. Ён заклікаў палітыкаў прыкладаць больш намаганняў, каб гарантаваць усім раўны доступ да медыцынскай дапамогі, як на нацыянальным, так і міжнародным узроўнях, памятаючы у тым ліку і пра пакутуючых ад рэдкіх хваробаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.