2013-09-25 10:11:45

Ватыканская дыкастэрыя сабрала разам веруючых і няверуючых журналістаў


RealAudioMP3 У Рыме 25 верасня 2013 г. праходзіць сустрэча паміж веруючымі і няверуючымі журналістамі. Яе арганізавала Папская рада па культуры ў рамках ініцыятывы “Падворак язычнікаў”. Галоўнымі героямі сустрэчы сталі адны з найбольш важных прадстаўнікоў друкаванай прэсы, паведаміў кардынал Джанфранка Равазі. Старшыня ватыканскай дыкастэрыі, арганізатара форуму, дадаў у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, што размова засяродзіцца ў першую чаргу на паняцці “праўды”, якая з’яўляецца адной з фундаментальных катэгорый , перш за ўсё у сферы камунікацыі. Іншай рэчаіснасцю, над якой будуць разважаць журналісты, стане “асоба”, у кантэксце этыкі камунікацыі. Трэці напрамак тычыцца “рэлігійнага вымярэння”, бо рэчаіснасць рэлігіі становіцца ўсё больш і больш вострай і цікавай у апошні час, падкрэсліў кардынал. Арганізатары прапануюць журналістам вярнуцца яшчэ раз і задумацца над значэннем “слова”, бо менавіта яно можа аб’яднаць вернікаў і няверуючых.

Тэма чарговай сустрэчы ў рамках “Падворка язычнікаў” наспела ўжо даўно, а ў апошні час стала як ніколі актуальнай – два Папы – Францішак і Бэнэдыкт XVI – “увайшлі” непасрэдна на арэну масавай камунікацыі. І гэта, на думку кардынала Равазі, стала ўрокам не толькі для тых, хто ў Касцёле займаецца культурай і камунікацыяй, але і тых, хто вядзе душпастырства ў самым шырокім сэнсе. Душпастырам не трэба баяцца выходзіць на плошчу і пранікаць у “клубок камунікацыі”, лічыць старшыня Папскай рады па культуры.

Сустрэчы форуму “Падворак язычнікаў” праходзяць з мая 2011 г. у розных еўрапейскіх гарадах. Галоўная мэта ініцыятывы – уключыць вернікаў і няверуючых у дыялог. Натхняльнікам праекту стаў Бэнэдыкт XVI, які ў 2009 г. заявіў, што Каталіцкаму Касцёлу трэба “нешта накшталт Падворка язычнікаў”, які існаваў пры Ерузалемскім Храме і з’яўляўся самым першым узроўнем набліжэння да Бога.







All the contents on this site are copyrighted ©.