2013-09-25 11:15:12

Важна глядзець па-за ўласны плот і адчуваць сябе Касцёлам


RealAudioMP3 Папа Францішак паставіў 25 верасня 2013 г. вострыя пытанні адносна ўнутранага адзінства Касцёла. Падчас агульнай аўдыенцыі на плошчы св. Пятра ён заклікаў вернікаў запытаць сябе, ці не закрыліся яны ў сваіх маленькіх групах або ў сябе саміх? “Веру ў адзіны Касцёл” – на разважанні над гэтым фрагментам Сімвала веры занаваў сваю катэхезу Пантыфік. Паводле Францішка, калі паглядзець на сучасны Касцёл, то можна заўважыць амаль 3 тыс. дыяцэзій, раскінутых па ўсім свеце, але, нягледзячы на гэта, такое мноства каталіцкіх супольнасцяў складае адзінства. Катэхізіс тлумачыць гэта тым, што Касцёл “мае адзіную веру, адзінае сакрамэнтальнае жыццё, адзіную апостальскую пераемнасць, супольную надзею і супольную міласэрнасць”. “Адзінства ў веры, надзеі, міласэрнасці, сакрамэнтах, служэнні – як стаўпы, які падтрымліваюць і трымаюць разам адзіны вялікі будынак Касцёла. Куды б мы не пайшлі, нават у самую маленькую парафію, у самы далёкі куток зямлі, там ёсць адзіны Касцёл; там мы дома, мы ў сям’і, мы паміж братамі і сёстрамі. І гэта вялікі дар Бога! Касцёл адзін і для ўсіх. Не існуе асобнага Касцёла для еўрапейцаў, для афрыканцаў, для амерыканцаў, для азіятаў, для тых, хто жыве ў Акіяніі, але ён адзін і той жа паўсюль”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў вернікаў спытаць сябе, ці не застаюцца яны абыякавымі, калі чуюць, што шматлікія хрысціяне ў свеце пакутуюць, ці ў такой сітуацыі яны адчуваюць сябе так, як быццам бы пакутаваў адзін з членаў іх сям’і? Папа заклікаў хрысціян памятаць адзін аб адным і маліцца адзін за аднаго. “Важна глядзець па-за ўласны плот, адчуваць сябе Касцёлам, адзінай сям’ёй Божай”, - сказаў Святы Айцец. Ён з жалем прызнаў, што ў Касцёле не заўсёды існуе гэта адзінства: “часам узнікаюць непаразуменні, канфлікты, сутыкненні, падзелы, якія яго раняць, і тады Касцёл не мае таго аблічча, якога жадаем, не сведчыць аб любові, як гэтага жадае Бог”.

“Калі паглядзім на падзелы, якія яшчэ сёння існуюць паміж хрысціянамі: католікамі, праваслаўнымі, пратэстантамі... маем стому, каб рабіць цалкам бачным гэта адзінства. Бог дорыць нам адзінства, але мы часта стомленыя, каб жыць ім. Неабходна шукаць, будаваць адзінства, навучаць адзінству, пераўзыходзіць непаразуменні і падзелы, пачынаючы з сям’і, з касцёльнай рэчаіснасці, экуменічнага дыялога. Наш свет мае патрэбу ў еднасці, (...) прымірэнні, адзінстве, а Касцёл – гэта Дом адзінства”, - сказаў Папа.

Пантыфік запрасіў кожнага верніка спытаць сябе: ці спрыяе ён росту адзінства ў сваёй сям’і, парафіі, супольнасці або, наадварот, з’яўляецца прычынай падзелаў і знішчэння, ці мае пакору з цярплівасцю і ахвярнасцю лячыць раны адзінтва? Папа нагадаў, што сапраўдным “рухавіком” адзінства ў Касцёле з’яўляецца Святы Дух і яно не залежыць, у першую чаргу, ад нашай згоды і нашых намаганняў. Адзінства паходзіць менавіта ад Святога Духа, Які аб’ядноўвае ў адрозненнях і Які з’яўляецца гармоніяй. “Таму важная малітва – душа нашых намаганняў”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак заклікаў вернікаў прасіць Бога быць усё больш і больш адзінымі, не станавіцца прыладамі падзелаў, несці любоў туды, дзе ёсць нянавісць, прабачэнне – дзе існуюць злачынствы, адзінства – дзе ёсць нязгода.








All the contents on this site are copyrighted ©.