2013-09-24 14:11:17

Святы Айцец: нават грахі і ідалапаклонства не прымусяць Бога пакінуць чалавека


RealAudioMP3 Значэнню сакрамэнтаў прысвяціў сваю гамілію падчас раннішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты папа Францішак 24 верасня 2013 г. Сакрамэнт – гэта сустрэча, а не нейкі магічны абрад, падкрэсліў Пантыфік. Ён прапанаваў свае разважанні над рэфрэнам псальма, прызначанага на сённяшнюю літургію, “з радасцю пойдзем у дом Пана Бога”. Гэтыя словы пацвярджаюць пастаянную прысутнасць Пана ў нашым жыцці, - сказаў Святы Айцец, дадаючы, што народ Божы перажываў прыгожыя моманты, натхнёныя радасцю, але былі і перыяды змрочныя , поўныя “болю, мучаніцтва і граху”. У абодвух выпадках Бог застаецца са сваім народам, ніколі не пакідае яго, бо ўжо ў дзень першага граху зрабіў свой выбар: што будзе ствараць гісторыю са сваім народам, - сказаў Пантыфік . Больш за тое – ён пажадаў стаць адным з нас, і як адзін з нас вандраваць з намі, у Езусе . “І гэта кажа нам аб пакоры Бога”, - адзначыў Папа.

Такім чынам, паводле Францішка, веліч Бога – у Яго пакоры. Ён хацеў вандраваць са сваім народам, а калі той адыходзіў ад Яго праз свае грахі і ідалапаклонства , Ён заставаўся там і чакаў. Таксама і Езус прыходзіць са сваёй “паставай пакоры” і хоча ісці са сваім народам, з грэшнікамі, але і з высакамернымі, бо шмат зрабіў “каб дапамагчы гордым сэрцам фарысеям” , - сказаў Святы Айцец.

Ён адзначыў, што “Божая пакора заўсёды чакае, Бог побач з намі, падарожнічае з намі, у сваёй пакоры заўсёды чакае нас”. І Касцёл з радасцю праслаўляе пакору Бога, Які суправаджае нас.

Папа адзначыў, што Езус таксама суправаджае нас у нашым асабістым жыцці, і робіць гэта з дапамогай сакрамэнтаў. Сакрамэнт не з’яўляецца магічным абрадам, але сустрэчай з Езусам Хрыстом, які заўсёды побач з намі і суправаджае нас, - сказаў Францішак . Ён адзначыў, што нас суправаджае таксама Святы Дух, Які вучыць нас таму, што не ведаем, і нагадвае аб усім, чаму навучыў нас Езус. І, такім чынам, спрыяе таму, каб мы адчулі “прыгажосць правільнага шляху”.

“Бог – Айцец, Сын і Дух Святы з’яўляюцца спадарожнікамі нашага шляху, ствараюць гісторыю разам з намі”, - сказаў Папа. Ён дадаў, што Касцёл цэлебруе гэта “з вялікай радасцю, у тым ліку і ў Эўхарыстыі”. “І калі Бог увайшоў у нашу гісторыю, таксама і мы павінны крыху ўваходзіць у Яго гісторыю, ці, прынамсі, прасіць Яго аб ласцы дазволу пісаць гісторыю разам з Ім, каб Ён пісаў нам нашу гісторыю”, - завяршыў сваю гамілію Святы Айцец.







All the contents on this site are copyrighted ©.