2013-09-23 13:09:48

Пантыфік прывітаў даследчыкаў спадчыны імператара Канстанціна


RealAudioMP3 Папа Францішак прывітаў удзельнікаў Міжнароднага кангрэса па хрысціянскай археалогіі на тэму “Канстанцін і яго нашчадкі. Навізна Канстанціна, яе карані і развіццё”. Форум праходзіць 22-28 верасня ў рымскім Патрыстычным інстытуце “Аўгусцініанум” з нагоды 1700-годдзя прыняцця Міланскага эдыкта – дакумента, якім імператар Канстанцін абвясціў рэлігійную свабоду на тэрыторыі Рымскай імперыі. У мерапрыемстве прымаюць удзел каля 300 даследчыкаў з 31 краіны свету. У пасланні, скіраваным да іх ад імя кардынала Дзяржсакратара Тарчызіо Бэртонэ, Папа выразіў падзяку за вывучэнне гэтай тэмы, “якая мае вялікае гістарычнае і культурнае значэнне, асабліва для фундаментальнай каштоўнасці рэлігійнай свабоды”.

Адкрываючы форум, прэфект Кангрэгацыі Каталіцкай Адукацыі кардынал Зянон Грахалеўскі нагадаў, што мінула 1700 гадоў з таго часу, як “Канстанцін афіцыйна паклаў канец усім рэлігійным пераследам і дазволіў хрысціянству свабодна развівацца ў рымскім грамадстве і такім чынам стаць адной з галоўных крыніц сённяшняй заходняй цывілізацыі”. “Мяне ўражвае, што ў той час былі пабудаваны ўнушальныя хрысціянскія базылікі вялікіх памераў, якія сведчаць наколькі павіннен быў быць моцным Касцёл падчас жорсткага пераследу. Будзем спадзявацца, што сённяшнія пераследы хрысціян, якія здзейсняюцца рознымі спосабамі, паспрыяюць умацаванню і сталенню веры”, - пажадаў кардынал Грахалеўскі.








All the contents on this site are copyrighted ©.