2013-09-22 11:48:12

Папа ў санктуарыі Маці Божай з Банарыё: глядзець адно на аднаго па-братэрску


RealAudioMP3 Кульмінацыйным пунктам падарожжа папы Францішка на Сардзінію стаў візіт у санктуарый Маці Божай з Банарыё – апякункі гэтага вострава і ўсіх маракоў, які знаходзіцца ў Кальяры. Тут Пантыфік узначаліў св. Імшу, а затым памаліўся з вернікамі “Анёл Панскі”. У літургіі прынялі ўдзел каля 80 тыс. чалавек, а ў сваёй гаміліі Папа заклікаў памятаць, што на нашым, часта цяжкім, жыццёвым шляху, нельга забываць, што “мы не самі, а нас шмат”, а “позірк Марыі дапамагае нам глядзець адно на аднаго па-братэрску”. У цэнтры ўвагі Святога Айца было некалькі аспектаў. Ён нагадаў, што прыбыў на востраў, каб “раздзяліць радасці і надзеі, цяжкасці і намаганні, ідэалы і імкненні” жыхароў Сардзініі, а таксама “умацаваць” іх у веры. Папа адзначыў, што ведае аб праблемах мясцовых жыхароў звязаных у першую чаргу з беднасцю і паабяцаў заўсёды памятаць пра іх у малітве. “Заўсёды трымайце запаленым святло надзеі!”, - заклікаў Папа і дадаў, што ўсім кампанентам грамадства важна супрацоўнічаць і дзейнічаць, каб гарантаваць “людзям і сем’ям іх фундаментальныя правы” і дапамагаць самаму грамадству “станавіцца больш братэрскім і салідарным”.

Францішак адзначыў прыклад Маці Божай, якая малілася разам з вучнямі Хрыста ў вячэрніку, у чаканні спаслання Святога Духа. “Марыя моліцца, моліцца разам з супольнасцю вучняў, і навучае нас мець поўны довер да Бога, да Яго міласэрнасці. Моц малітвы! Не будзем стамляцца стукаць у дзверы Бога. Занясем у сэрца Бога, праз Марыю, усё наша жыццё, кожны дзень!”, - заклікаў Папа.

Францішак звярнуў увагу на тое, што людзі маюць патрэбу у пяшчотным, матчыным позірку Марыі. Пад ім, паводле Папы, кожны зможа навучыцца адносіцца па-братэрску да бліжняга. Ёсць шмат людзей, якіх мы “інстынктыўна” лічым неважнымі, але якія маюць шмат патрэбаў: гэта пакінутыя, хворыя, тыя, якія не маюць за што жыць, якія не ведаюць Езуса, гэта моладзь, якая знаходзіцца ў цяжкасцях. “Не бойцеся выйсці і паглядзець на нашых братоў і сясцёр позіркам Маці Божай. Яна заклікае нас быць сапраўднымі братамі. І не дазволім, каб нешта ці нехта ўстаў паміж намі і позіркам Маці Божай”, - сказаў Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.