2013-09-22 16:48:43

Папа да навукоўцаў: крызіс – нагода, пераасэнсаваць рэальнасць з дапамогай этычных і духоўных крытэрыяў


RealAudioMP3 22 верасня папа Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі свету культуры і навукі Сардзініі. У будынку Папскага тэалагічнага рэгіянальнага факультэта ў Кальяры, Пантыфік прывітаў выкладчыкаў і студэнтаў гэтай навучальнай установы, а таксама рэктараў, выкладчыкаў і студэнтаў дзяржаўных універсітэтаў Сардзініі. Звяртаючыся да іх, Папа адзначыў, што пачуцці сучаснага чалавека падобны на пачуцці евангельскіх вучняў з Эмаўс: гэта “расчараванне” і “разгубленнасць” выкліканыя крызісам розных сфер жыцця чалавека. На падабенства вучняў з Эмаўс, нашы сучаснікі напоўнены песімізмам, які ў сваю чаргу, вядзе да “параліча розума і волі”. “Расчараванне вядзе таксама да свайго кшталту уцёкаў, пошуку “астравоў” і момантаў перамір’я. Гэта падобна на паводзіны Пілата – “умыванне рук”. Паводзіны, якія здаюцца “прагматычнымі”, але фактычна ігнаруюць кліч справядлівасці, чалавечнасці і сацыяльнай адказнасці і вядуць да індывідуалізма, крывадушша, калі не пэўнага кшталту цынізма”, - сказаў Папа.

Перад абліччам такой рэальнасці ён спытаў: ці варта паддавацца гэтаму расчараванню і спакусе “умыць рукі”? Паводле Святога Айца, гістарычны момант у які жывём, падштурхоўвае шукаць і знаходзіць дарогі надзеі, якія адкрыюць новыя гарызонты нашаму грамадству. “І тут з’яўляецца каштоўнай роля універсітэтаў, як месцаў апрацоўкі і перадачы ведаў, навучання “мудрасці” у самым глыбокім сэнсе гэтага тэрміна, інтэгральнага выхавання асобы”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Паводле Францішка універсітэт, гэта месца, якое дапамагае глыбока “чытаць рэальнасць”, а крызіс можа стаць “момантам ачышчэння” і “пераасэнсавання нашых эканоміка-сацыяльных мадэляў” на падставе этычных і духоўных крытэрыяў. У дадзеным кантэксце вялікая роля універсітэтаў, як месцаў праніклівасці. “Пранікаць азначае не ўцякаць, але сур’ёзна разглядаць рэальнасць, без прадрасудкаў”, - сказаў Папа.

На думку Святога Айца, універсітэт – гэта таксама месца ў якім жыве і вывучаецца “культура сустрэчы”, “культура дыялога”. “Ніколі не бойцеся сустрэчы, дыялога, параўнання, таксама паміж універсітэтамі”, - заклікаў Францішак.

Папа падкрэсліў, што універсітэт – гэта месца навучання салідарнасці – “фундаментальнага элемента для абнаўлення нашых грамадстваў”. Паводле Папы, слова “салідарнасць” не належыць толькі да хрысціянскага слоўніка, але да агульначалавечага, але сёння існуюць спробы выкрэсліць яго. “Ня будзе плёна для краін, грамадстваў, для нашага свету, калі не здолеем быць больш салідарнымі”, - адзначыў Францішак.

Пасля сустрэчы з навукоўцамі, Святы Айцец накіраваўся на плошчу Карла Феліска ў Кальяры, дзе пачаўся апошнім этап яго падарожжа на Сардзінію – сустрэча з моладзю.








All the contents on this site are copyrighted ©.