Францішак: мэтай кожнага ўрача заўсёды павінна быць абарона жыцця
Прафесія лекараў,
заклік Касцёла да сумлення ўсіх медыкаў ды культура жыцця – на гэтыя тры аспекты звярнуў
увагу папа Францішак у сваёй прамове да членаў Міжнароднай федэрацыі асацыяцый каталіцкіх
лекараў, якія ў Рыме праводзяць свой форум. Удзельнікі мерапрыемства прыбылі 20 верасня
да Клементынскай Залы ў Апостальскім Палацы, каб сустрэцца з Папам. У сваёй прамове
да іх Францішак адзначыў, што сёння ў свеце мы заўважаем парадаксальную сітуацыю:
з аднаго боку, бачым прагрэс у медыцыне, дзякуючы працы навукоўцаў, з іншага – заўважаем
таксама небяспеку ў тым, што лекар губляе сваю ідэнтычнасць у служэнні жыццю. Паводле
Папы, культурная дэзарыентацыя паўплывала на асяроддзе, якое здавалася б, з’яўляецца
недатыкальным: на медыцыну. “Парадаксальнасць сітуацыі ў тым, што сёння чалавек атрымлівае
новыя правы, але пры гэтым не заўсёды абараняецца жыццё як найважнейшая каштоўнасць
і асноўнае права кожнага чалавека. Канчатковай мэтай кожнага ўрача павінна заўсёды
заставацца абарона і спрыянне жыццю”, - сказаў Францішак.
Паводле Пантыфіка,
у гэтым супярэчлівым кантэксце Касцёл заўсёды звяртаецца да сумленняў лекараў, асабліва
да гінеколагаў, якія пакліканы да захавання новых чалавечых жыццяў. “Вы маеце ўнікальнае
пакліканне і місію, якая патрабуе пастаянных даследаванняў, сумлення і чалавечнасці”,
- звярнуўся Папа да іх. Святы Айцец адзначыў, што распаўсюджаны ў сённяшнім свеце
менталітэт прыбытку, так званая “культура адкідання”, якая знявольвае сэрцы і розумы
многіх, мае высокую патрэбу ў літаральнай ліквідацыі чалавечых істот, асабліва, калі
яны фізічна ці сацыяльна слабыя. “Рэчы маюць цану і іх можна прадаваць, але чалавек
мае годнасць, якая больш вартая за рэчы і не мае цаны. З-за гэтага ўвага да чалавечага
жыцця ва ўсёй яго паўнаце, стала ў апошнім перыядзе сапраўдным і ўласцівым прыярытэтам
навучання Касцёла, асабліва адносна самых безабаронных: інвалідаў, хворых, яшчэ ненероджаных,
дзяцей і пажылых людзей”, - сказаў Пантыфік. Папа нагадаў медыкам, што яны з’яўляюцца
сведкамі і носьбітамі “культуры жыцця”. Паводле Святога Айца медыкі-католікі павінны
мець большую адказнасць: перад усім, перад самімі сабою і перад сучаснай культурай,
каб яна распазнавала ў чалавечым жыцці трансцэндэнтнае вымярэнне, ад самага пачатку
яго зачацця. “З гэтага пункту гледжання, аддзяленні гінекалогіі павінны стаць прывілеяванымі
месцамі сведчання і евангелізацыі, таму што там, дзе Касцёл становіцца “носьбітам
прысутнасці Бога жывога”, становіцца таксама “прыладай сапраўднай гуманізацыі чалавека
і свету”, - азначыў Святы Айцец.
На заканчэнне Францішак адзначыў, што калі
ў цэнтры ўвагі медыкаў знаходзіцца чалавек у сваёй слабасці, тады медыцынская ўстанова
становіцца “месцам, дзе чалавек атрымлівае медычную дапамогу, але і місійным месцам.
“Давер да сістэмы аховы здароўя вымяраецца не толькі павышэннем эфектыўнасці, але,
перш за ўсё, увагай і любоўю да чалавека, жыццё якога заўсёды святое і непарушнае”,
- сказаў Папа.