2013-09-19 17:19:56

Францішак: Касцёл павінен распальваць сэрцы і лячыць раны


RealAudioMP3 Папа Францішак даў інтэрв’ю аднаму з найстарэйшых італьянскіх выданняў – езуіцкаму часопісу “La Civiltà Cattolica”. 19 верасня яно было апублікавана адначасова ў 16 друкаваных выданнях Таварыства Езуса ў розных краінах свету. У ім Папа расказаў пра самаго сябе, патлумачыў мэты ордэна езуітаў, прааналізаваў ролю Касцёла ў сённяшнім свеце, а таксама ўказаў на душпастырскія прыярытэты і праблемы звязаныя з распаўсюджваннем Евангелля. Тэкст размовы паміж Пантыфікам і галоўным рэдактарам часопіса кс. Антоніа Спадара заняў амаль 30 старонак. Інтэрв’ю праходзіла ў рамках трох сустрэч паміж імі ў Доме св. Марты ў Ватыкане: з 19 па 29 жніўня. “Грэшнік на якога паглядзеў Пан”, - так Францішак акрэсліў самаго сябе. Ён адзначыў, што місія Касцёла заключаецца ў здольнасці лячыць раны і распальваць сэрцы людзей, быць блізка з імі. Але, паводле Святога Айца, пачынаць трэба ад самага галоўнага. “Я бачу Касцёл у якасці госпіталя на полі бітвы. Бескарысна пытацца ў цяжка параненага пра яго ўзровень халестэрына ці цукру. Трэба лячыць раны. Потым зможам размаўляць пра ўсё астатняе”, - сказаў Францішак. Ён адзначыў, што Касцёл часта засяроджваецца на дробязных рэчах, але важным з’яўляецца абвяшчэнне: “Езус Хрыстус цябе збавіў!”.

Такім чынам, “слугі Касцёла павінны быць перш за ўсё слугамі міласэрнасці”, а “арганізацыйныя і структурныя рэформы – другасныя”. Першая рэформа, на яго думку, павінна тычыцца паводзінаў – “слугі Касцёла павінны быць здольнымі распальваць сэрцы людзей, крочыць у ночы разам з імі, быць здольнымі весці дыялог і выходзіць з імі ў ноч, у цемру і не губляцца”. “Народ Божы хоча пастрыраў, а не чыноўнікаў ці дзяржаўных служачых”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца душпастырская дзейнасць, не павінны быць “невыразнай перадачай шматлікіх навучанняў”, але канцэнтравацца на самым галоўным – тым, што найбольш прыцягвае, што “запальвае сэрцы”. Таму прапанова Евангелля павінна стаць “больш простай”, лічыць Пантыфік.

Гаворачы пра самаго сябе, Папа адзначыў, што будучы езуітам, меў цяжкія праблемы з прычыны свайго “аўтарытарнага і хуткага стылю прыняцця рашэнняў”. Зараз ён зразумеў наколькі важным з’яўляецца “кансультаванне”, але паводле Пантыфіка, “кансультацыі павінны быць рэальнымі, а не фармальнымі”.

Паводле Святога Айца, Касцёл павінен быць “плённым”, а калі ён бачыць “негатыўныя паводзіны слугаў Касцёла” ці кансэкраваных асобаў, яму адразу прыходзіць на думку: “гэта стары нявіннік”, а гэта “старая панна”. “Яны не айцы, не маці. Не здольныя даць жыццё”, - сказаў Папа. Гаворачы пра разведзеных людзей і людзей з гомасексуальнай арыентацыяй, Францішак заклікаў “суправаджаць іх з міласэрнасцю”.

Закончыў інтэрв’ю Папа тэмай, якую вельмі любіць: таямніцай сустрэчы з Богам. Ён падкрэсліў, што сустрэцца з Ім можна толькі крочачы. Хрысціянін, які хоча адразу ўбачыць усё ясна – ніколі не знойдзе нічога. “Бог – гэта заўсёды сюрпрыз і таму ніколі не ведаеш дзе і як Яго спаткаеш. Гэта не ты устанаўліваеш час і месца для сустрэчы з Ім”,- сказаў Папа і дадаў, што трэба умець “распазнаваць гэту сустрэчу”.








All the contents on this site are copyrighted ©.