2013-09-18 13:14:15

Прысутнасць Касцёла ў сацыяльных сетках абмяркуюць у Ватыкане


RealAudioMP3 У стылі камунікацыі папы Францішка можна вылучыць чатыры галоўныя рысы: простыя словы, змест, які глыбока кранае сэрцы вернікаў, жэсты і выкарыстанне вобразнай мовы. Гэтымі назіраннямі падзяліўся ў інтэрв’ю “L’Osservatore Romano” арцыбіскуп Клаўдыё Марыя Чэлі, старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі. Паводле іерарха, словы Святога Айца вельмі лёгкія для разумення, яны адказваюць на пакуты і ўнутраны пошук чалавека незалежна ад яго поглядаў ці веравызнання. Акрамя таго, Папа кажа не пра ўсе рэчы – ён робіць жэсты, якія здольныя перадаваць унутранае багацце звязанае з глыбокай духоўнасцю. Нарэшце, Францішак карыстаецца простымі выразамі, каб перадаць складаныя паняцці. “Хто не памятае, напрыклад, яго закліку да святароў і біскупаў, мець “запах авечак”?”, - адзначыў арцыбіскуп Чэлі.

Іерарх расказаў, што 19-21 верасня ў Ватыкане адбудзецца пленарная асамблея Папскай рады па сродках масавай камунікацыі. У цэнтры разважання яе ўдзельнікаў будзе сувязь паміж “сеткай і Касцёлам”. Арцыбіскуп нагадаў, што менавіта сацыяльныя сеткі былі галоўнай тэмай апошняга паслання Бэнэдыкта XVI на Сусветны дзень масавай камунікацыі. У ім Пантыфік падкрэсліў іх пазітыўны характар і заклікаў да евангелізацыйнай прысутнасці Касцёла ў вэб-прасторы. Паводле арцыбіскупа Чэлі, падчас пленарнай асамблеі будуць абмяркоўвацца пытанні кшталту: як прысутнічаць у сацыяльных сетках? З якімі пасланнямі? З якімі стылем камунікацыі?

Іерарх падзяліўся, што галоўным чынам, у цэнтры ўвагі ўдзельнікаў сустрэчы будзе праца мультымедыйнага парталу www.news.va, а таксама яго старонкі ў “Фэйсбук”. Паводле арцыбіскупа Чэллі, публікацыі партала ў гэтай сацыяльнай сетцы дасягаюць каля 10 млн. чалавек у месяц, якія маюць магчымасць пакідаць свае каментары: як пазітыўныя, так і негатыўныя.

Арцыбіскуп Чэлі адзначыў, што самымі папулярнымі постамі партала news.va з’яўляюцца тыя, якія ўтрымліваюць багаты духоўны змест – вытрымкі з прамоваў Папы і Айцоў Касцёла.








All the contents on this site are copyrighted ©.