2013-09-18 12:12:25

Папа сустрэўся з арцыбіскупам Краеўскім і яго блізкімі


RealAudioMP3 18 верасня папа Францішак прыняў на аўдыенцыі арцыбіскупа Конрада Краеўскага – новага Апостальскага элемазінарыя, а таксама яго сваякоў і блізкіх. У сустрэчы прынялі ўдзел каля 20 чалавек. 17 верасня, у базыліцы св. Пятра, іерарх атрымаў біскупскую сакру з рук кардынала Джузэпэ Бэртэла, кіраўніка Губернатарата Ватыкана. На цырымонію нечакана прыбыў таксама і папа Францішак. Менавіта ён, 3 жніўня абвясціў аб рашэнні прызначыць Конрада Краеўскага Апостальскім элемазінарыем і надаць яму годнасць арцыбіскупа. Да гэтага часу ён быў адным з папскіх цырымонімайстраў і афіцыялам папскіх літургічных цэлебрацыі. Нягледзячы на такія высокія пасады, іерарх нерэдка асабіта займаўся дапамогай бедным. Разам з законніцамі ён часта раздаваў ежу і прадукты бедным, якія збіраліся каля Ватыкана.

У абавязкі Апостальскага элемазінарыя ўваходзіць клопат пра бедных ад імя Папы. Таксама, ад імя Святога Айца ён мае магчымасць ўдзяляць Апостальскае благаслаўленне вернікам у сувязі з адмысловымі ўрачыстасцямі. Элемазінарый застаецца на сваёй пасадзе нават калі наступае перыяд “sede vacante” разам з Вялікім Пенітэнцыярыем і кардыналам-камерленга.

Конрад Краеўскі нарадзіўся ў 1963 г. у Лодзі. Тут ён закончыў духоўную семінарыю, а затым працягнуў вучобу ў Рыме: у Папскім літургічным інстытуце і Папскім універсітэце св. Тамаша з Аквіну. З 1998 г. працаваў у Папскай службе літургічных цэлебрацый. Сваім біскупскім дэвізам Конрад Краеўскі выбраў адно слова – “Міласэрнасць”.








All the contents on this site are copyrighted ©.