2013-09-18 11:06:00

Касцёл – міласэрная маці, якая не закрывае свае дзверы


RealAudioMP3 Касцёл вучыць, суправаджае і моліцца за сваіх дзяцей. Гэтыя тры аспекты падкрэсліў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі 18 верасня. У сваёй катэхезе ён чарговы раз звярнуўся да вобразу “Касцёла Маці”, які яму “падабаецца” таму што ўказвае не толькі на тое, які Касцёл ёсць, але таксама “якое аблічча павінен усё больш набываць”. Папа параўнаў клопат Касцёла з клопатам маці – усім тым, што яны робяць, перажываюць, церпяць для ўласных дзяцей. “Маці вучыць ісці па жыцці, скіроўвае сваіх сыноў, указвае ім добры шлях, каб раслі і станавіліся дарослымі. І робіць гэта з пяшчотай, цяплынёй, любоўю, заўсёды, нават калі спрабуе выпраміць нашы сцежкі, бо адхіляемся ў жыцці і становімся на шляхі, якія вядуць да прорвы”, - сказаў Папа і дадаў, што адной з праяваў такога клопату Касцёла з’яўляюцца дзесяць прыказванняў.

“Вы можаце сказаць: але гэта прыказы! Гэта зборнік “не”! Я б хацеў запрасіць вас перачытаць іх – магчыма вы пра іх немнога падзабылі – а затым падумаць пра іх пазітыўна. Вы ўбачыце, што яны тычацца нашага спосабу адносін да Бога, нам саміх і іншых, менавіта таго, чаму вучыць маці, каб мы жылі добра. Яны заклікаюць нас не рабіць матэрыяльных ідалаў, якія затым робяць нас рабамі, памятаць пра Бога, мець павагу да бацькоў, быць сумленнымі, паважаць іншых”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак заклікаў паглядзець на Божыя прыказанні, як на словы і павучанні, якія дае маці. “Маці ніколі не вучыць злому, яна хоча дабра для дзяцей і Касцёл робіць таксама”, - сказаў Святы Айцец.

Іншы аспект на які звярнуў увагу Папа тычыўся цярплівасці і міласэрнасці маці ў адносінах да дзяцей, нават у сітуацыях калі яны “сыходзяць з дарогі” і “трапляюць у аварыі”. “Маці ўмее сачыць з разважлівасцю, пяшчотай за шляхам дзяцей і нават калі яны памыляюцца, заўсёды знаходзіць спосаб, каб зразумець іх, быць блізка, каб дапамагчы. (...) Я думаю пра маці, пакутуючых за дзяцей, якія знаходзяцца ў турмах ці скаладаных сітуацыях: яны не пытаюцца ці вінаватыя ці не, працягваюць любіць іх і часта пераносяць прыніжэнні, але не маюць страху, не перастаюць дарыць саміх сябе”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца Касцёл дзейнічае такім самым чынам: “Касцёл – гэта міласэрная маці, якая заўсёды шукае магчымасці дапамагчы і натхніць, нават, перад сваімі дзецьмі, якія памыліліся і памыляюцца, ніколі не закрывае дзверы Дома; не асуджае, але даруе прабачэнне Бога, даруе сваю любоў і запрашае вярнуцца на шлях таксама і тых сваіх дзяцей, якія ўпалі ў глыбокую прорву, не баіцца ўвайсці ў іх ноч і даць ім надзею”, - сказаў Папа.

Апошні аспект на які звярнуў увагу Папа тычыўся здольнасці маці нястомна прасіць, стукаць ва ўсе дзверы для сваіх дзяцей. “Я думаю як маці ўмеюць стукаць таксама і перш за ўсё ў дзверы сэрца Бога! Маці шмат моляцца за сваіх дзяцей, асабліва за самых слабых, тых хто маюць патрэбы, тых, якія ў жыцці ўсталі на небяспечныя і памылковыя шляхі”, - сказаў Папа і адзначыў, што Касцёл робіць таксама: аддае ў рукі Пана, з малітай, усе сітуацыі сваіх дзяцей. “Даверымся сіле малітвы Маці Касцёла: Пан не застанецца нячулым. Ён заўсёды здольны ўражваць нас, калі гэтага не чакаем. Маці Касцёл гэта ведае”, - сказаў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.