2013-09-17 13:52:54

“100 пытанняў – 100 адказаў”. Як Хорхе Берголіа распазнаў сваё пакліканне да святарства?


RealAudioMP3 16 верасня папа Францішак сустрэўся са святарамі Рымскай дыяцэзіі, біскупам якой ён з’яўляецца. Як часта адбываецца падчас падобных, “сяброўскіх” сустрэчаў, Святы Айцец прамаўляў спантанна, без загадзя падрыхтаванага тэксту. Ён закрануў некаторыя, на яго думку, важныя праблемы, а затым папрасіў святароў задаваць яму пытанні любога кшталту. Тут размова зайшла, пра тое, як перамагаць “стомленасць” у душпастрыскім служэнні, якая рана ці позна наступае. Францішак параіў часцей станавіцца на калені перад табернакулюмам і маліцца, а таксама падтрымліваць блізкія адносіны з іншымі святарамі і біскупам. Акрамя таго, у якасці парады, Папа заклікаў святароў часцей успамінаць пра пачатак свайго служэння: пакліканне, паступленне ў семінарыю, святарскае пасвячэнне. Карыстаючыся нагодай ён заклікаў памаліцца за яго з нагоды 60-годдзя распазнання паклікання да святарскага служэння, якое будзе адзначаць 21 верасня. Што адбылося ў той дзень і як Папа зразумеў, што павінен прысвяціць сваё жыццё асабліваму служэнню? Пра гэта мы пагаворым у нашай сённяшняй праграме.

Пра свае асабістыя перажыванні і ўспаміны Францішак расказаў у інтэрв’ю італьянскай журналістцы Франчэске Амбраджэцці. Яно выйшла ў 2010 г. асобнай кнігай пад назвай “Езуіт”. У ёй будучы Папа расказаў, што ўпершыню адчуў пакліканне да святарства ва ўзросце 17 гадоў. Было 21 верасня і Хорхэ Берголіа, як і іншыя маладыя людзі спяшаўся адзначыць са сваімі сябрамі Дзень студэнта. Будучы добрым практыкуючым католікам, ён вырашыў па дарозе зайсці ў касцёл.

Тут ён сустрэў святара, якога не ведаў раней і які зрабіў на яго вялікае ўражанне. Будучы Папа спытаў у яго аб магчымасці паспавядацца. Пазней ён распавёў, што гэта споведзь не была як усе іншыя – гэта была сустрэча, якая умацавала яго веру і дазволіла зразумець пакліканне. Пакінуўшы канфесіянал Хорхэ Берголіа не пайшоў на сустрэчу з сябрамі, а накіраваўся дамоў з цвёрдым перакананнем: ён хацеў і павінен быў стаць святаром.

“Са мной здарылася дзіўная рэч падчас споведзі. Я не ведаю, што гэта было дакладна, але гэта змяніла маё жыццё”, - падзяліўся ён і дадаў, што падчас споведзі быў вельмі здзіўлены і ўражаны – ён зразумеў, што нехта яго чакаў. “З таго моманту Бог для мяне, гэта той, хто апярэджвае. Ты яго шукаеш, але ён знаходзіць цябе першым. Ты хочаш Яго сустрэць, але Ён першы выходзіць цябе насустрач”, - казаў Хорхэ Берголіа ўжо будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса. Ён падкрэсліў, што адказаць на пакліканне яго падштурхнула не ўражанне ад гэтай сустрэчы, але міласэрны спосаб, якім Бог яго клікаў – спосаб, якія з гадамі перамяніўся ў крыніцу нахнення для яго служэння - словы “міласэрнасць” і “выбар” сталі яго біскупскім, а пазней папскім дэвізам.

Перш чым Хорхэ Берголіа паступіў у семінарыю мінулі чатыры гады. Ён працягваў працаваць у хімічнай лабараторыі не кажучы нікому пра сваё рашэнне. У гэты час ён захапляўся таксама палітыкай і чытаў некаторыя мясцовыя камуністычныя часопісы, хоць ніколі не быў камуністам. Берголіа расказаў, што ў гэты перыяд навучыўся жыць у адзіноце, а калі дасягнуў 21-гадовага ўзросту вырашыў паступіць у семінарыю.

“Па-праўдзе кажучы я не меў яснай ідэі куды ісці. Але ў чым не меў сумніваў – так гэта ў маім пакліканні”, - дзяліўся Хорхэ Берголіа. Пасля паступлення ў семінарыю Буэнас-Айрэса ён уступіў у ордэн езуітаў. Будучы Папа прызнаўся, што быў уражаны знаходжаннем езуітаў ў “першых шэрагах” Касцёла, калі карыстацца вайсковай тэрміналогіяй, а таксама іх паслухмянасцю, дысцыплінай і місійным характарам ордэна. На пачатку ён нават спрабаваў адправіцца на місіі ў Японію, але не адтымаў дазволу з прычыны праблем са здароўем. “Тут ёсць людзі, якія былі б “выратаваны” ад мяне, калі б мне дазволілі паехаць туды”, - жартаваў былы арцыбіскуп Буэнас-Аэрэса.

Яшчэ да паступлення ў семінарыю Хорхэ Берголіа вырашыў расказаць пра сваё рашэнне бацьку. “Я быў упэўнены, што бацька зразумее мяне лепш. Яго маці была асобай надзвычайна рэлігійнай і ён атрымаў у спадчыну ад яе гэту рэлігійнасць і сілу, паяднаныя з вялікім болем звязаным з пакіданнем роднай зямлі. Таму ён прыняў навіну пазітыўна. Маці наадварот – бачыла ў ёй страту”, - казаў будучы Папа.

Маці Хорхэ Берголіа таксама была рэлігійным, практыкуючым чалавекам, але думала, што рашэнне сына занадта паспешнае, таму не падтрымлівала яго. Яна не праважала сына ў семінарыю і ніколі не наведвала яго там. Яны сустракаліся калі ён сам прыязджаў дамоў. Толькі падчас атрымання апошнім святарскага пасвячэння яна ўкленчыла і папрасіла благаслаўлення.

Аднойчы маці будучага Папы сказала: “Калі ласка, не забывай, што дзверы дома заўсёды адкрыты і ніхто не будзе супраць калі ты вырашыш вернуцца назад”. Хорхэ Берголіа адзначаў, што гэта стала для яго добрым урокам як трэба адносіцца да людзей, якія стаяць перад абліччам прыняцця важнага ў іх жыцці рашэння.

Праз 60-гадоў пасля тых падзей, увага мільёнаў людзей у свеце звернута на чалавека, які сёння займае Пасад св. Пятра. Акрамя навучання, якім ён дзеліцца, павучальным і узбагачаючым з’яўляецца таксама і яго жыццёвы досвед. Магчыма знаймства з ім і лучнасць з Папам з нагоды яго маленькага свята стане таксама ўмацаваннем для тых, хто выбраў падобны шлях у жыцці ці збіраецца ўстаць на яго.

Аляксандр Панчанка паводле "Papa Francesco. Il nuovo Papa si racconta. Conversazione con Francesca Ambrogetti e Sergio Rubin".







All the contents on this site are copyrighted ©.