2013-09-16 12:04:10

Францішак: добрыя католікі моляцца за сваіх кіраўнікоў


RealAudioMP3 Пакора і любоў – неад’емныя характарыстыкі тых, хто кіруе, у той час як грамадзяне, асабліва католікі, не могуць не цікавіцца палітыкай. На гэта звярнуў увагу папа Францішак у сваёй гаміліі падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 16 верасня. Пантыфік паразважаў аб уладзе абапіраючыся на евангельскае апавяданне пра цэнтурыёна, які з пакорай і даверам прасіў Езуса аздаравіць яго слугу, а таксама на заклік св. Паўла аб малітве за кіраўнікоў. Хто кіруе – той, “павінен любіць свой народ”, бо “кіраўнік, які не любіць, не можа кіраваць: максімум ён дасягне дысцыпліны, немнога парадку, але не кіравання”, адзначыў Пантыфік. Святы Айцец узгадаў пра Давіда, які настолькі любіў свой народ, што нават пасля граху перапісу, папрасіў Бога не караць людзей, а толькі яго. Такім чынам кіраўнік народа павінен мець дзве цноты – любіць свой народ і быць пакорным.

“Нельга кіраваць без любові да народа і без пакоры! І кожны мужчына, кожная жанчына, якія бяруць служэнне ўлады павінны задаць сабе пытанні: “Ці я люблю мой народ, каб служыць яму найлепшым чынам?” Ці я пакорны і слухаю ўсіх іншых, розныя меркаванні, каб выбраць лепшы шлях?”. Калі не задаць гэтых пытанняў – кіраванне не будзе добрым. Кіраўнік, мужчына ці жанчына, які любіць свой народ – пакорныя”, - сказаў Пантыфік.

З іншага Богу Папа нагадаў, што грамадзяне не могуць не цікавіцца палітыкай і павінны маліцца за тых, хто здзейсняе ўладу.

“Ніхто не можа казаць: “Я не ўваходжу ў гэта, гэта яны кіруюць...” Не, я адказны за іх кіраванне і павінен рабіць лепшае, каб яны кіравалі добра і рабіць гэта праз удзел у палітыцы, наколькі магчыма. Палітыка, кажа сацыяльнае навучанне Касцёла, гэта адна з самых высокіх формаў любові, таму што тычыцца служэння супольнаму дабру. Я не магу ўмыць рукі. Мы ўсе павінны рабіць нешта”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Францішак адзначыў, што адной з распаўсюджаных тэндэнцый з’яўляецца пастаяннае пляткарства і нараканне на кіраўнікоў, якое гучыць з тэлебачання і газет: “заўсёды кепска, заўсёды супраць”. “Магчыма, кіраўнік на самой справе грэшнік, якім быў Давід, але я павінен дапамагаць яму праз слова і папраўкі”, таму што усе “павінны ўдзельнічаць у супольным дабры!”. А калі чуем, меркаванне аб тым, што “добрыя католікі не ўмешваюцца ў палітыку” – гэта непраўда, гэта не добры шлях.

“Добры католікі ўмешваецца ў палітыку, даючы лепшае з сябе, каб кіраўнік мог кіраваць. Але што з’яўляецца тым лепшым, што можам даць кіраўнікам? Малітва! І пра гэта кажа св. Павел: маліцца “за ўсіх людзей, за каралёў і за ўсіх, хто мае ўладу”. “Але ойча, гэта кепскі чалавек, ён павінен ісці ў пекла...”. “Маліся за яго, за яе, каб маглі кіраваць добра, каб любілі свой народ, каб служылі свайму народу, каб былі пакорнымі”. Хрысціянін, які не моліцца за кіраўнікоў – не добры хрысціянін!”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў маліцца за кіраўнікоў, калі нават яны не падабаюцца. У такім выпадку трэба маліцца аб іх навяртанні. “Аб гэтым кажу не я, але св. Павел, Слова Божае”, - падкрэсліў Пантыфік.








All the contents on this site are copyrighted ©.