2013-09-14 11:47:27

Францішак: таямніца крыжа пазнаецца праз слёзы і малітву


RealAudioMP3 Таямніца крыжа для чалавека вялікая і можа быць зразумета толькі праз малітву і слёзы, адзначыў папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі у свята Ўзвышэння Святога Крыжа, якое Каталіцкі Касцёл адзначае 14 верасня. Паводле Папы, у таямніцы крыжа можна ўбачыць гісторыю чалавека і гісторыю Бога. У першую чаргу ён нагадаў пра сувязь паміж дрэвам пазнання дабра і зла і дрэвам крыжа, на якую ўказвалі яшчэ Айцы Касцёла. “Адно дрэва прынесла шмат зла, а іншае вядзе нас да збаўлення, здароўя. Гэта шлях чалавека: шлях, каб знайсці Езуса Хрыста Адкупіцеля, які дае сваё жыццё з любові. Бог не паслаў Сына ў свет, каб асудзіць свет, але каб збавіць з Яго дапамогай. Гэта дрэва крыжа ўсіх нас збаўляе ад наступстваў іншага дрэва, праз якое пачалася самадастатковасць, ганарлівасць, пыха жадання пазнаць сябе, усё, паводле нашай ментальнасці, паводле нашых крытэрыяў, нават паводле прэтэнзіі на тое, каб быць і стаць адзінымі суддзямі свету. Такая яна, гісторыя чалавека: ад аднаго дрэва да іншага”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што ў крыжы таксама заключана і гісторыя Бога, які прынізіўся ў той час калі мы хацелі ўзняцца, прыняў стан слугі і быў паслухмяны аж да смерці крыжовай, каб узняць нас.

“Бог прайшоў гэты шлях з любові! Няма іншага тлумачэння: толькі любоў чыніць такія рэчы. Сёння мы глядзім на крыж, гісторыю чалавека і гісторыю Бога. Глядзім на гэты крыж, на якім можна пакаштаваць мёд алоэ, горкі мёд, гэту горкую слодыч ахвяры Езуса. Гэта таямніца вельмі вялікая і мы самі не можа добра зразумець яе (...) але можам глыбока адчуць яе збаўленне. Перш за ўсё таямніца крыжа. Яе можна немнога зразумець на каленях, у малітве, а таксама праз слёзы: толькі слёзы набліжаюць нас да гэтай таямніцы”, - сказаў Пантыфік.

Паводле Святога Айца, каб зразумець таямніцу крыжа, якая нагадвае лабірынт, неабходна матчыная прысутнасць побач – матчыная рука. Ён адзначыў, што Марыя дапамагае адчуць наколькі вялікая гэта таямніца і заклікаў разам з Маці Божай імкнуцца пазнаць яе сэнс: з маці, праз слёзы і на каленях.








All the contents on this site are copyrighted ©.