2013-09-13 11:05:13

Францішак: пляткарства – гэта злачынства, якім забіваем Бога і бліжняга


RealAudioMP3 Хто кажа кепска пра бліжняга – крывадушнік, які не мае “адвагі глядзець на ўласныя недахопы”. З такімі словамі папа Францішак звярнуўся да вернікаў прысутных на св. Імшы ў капліцы Дома св. Марты 13 верасня. Паводле Пантыфіка, пляткарства – мае “злачыннае вымярэнне”, таму што кожны раз калі кажам блага пра нашых братоў, паўтараем забойчы ўчынак Каіна. Святы Айцец паразважаў над словамі Езуса: “Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш?”. Ён падкрэсліў, што Хрыстус кажа пра нянавісць і асуджэнне ў адносінах да бліжняга, а гэтыя словы актуальны для людзей усіх эпохаў. “Тыя, хто жывуць асуджаючы бліжняга, кажучы кепска аб ім – крывадушнікі, бо не маюць сілы, адвагі, каб паглядзець на ўласныя недахопы. Пан не кажа аб гэтым шмат словаў. Затым, яшчэ наперадзе, Ён скажа, што той, хто мае ў сэрцы нянавісць да бліжняга – забойца... Таксама і апостал Ян, у сваім Першым Пасланні, кажа аб гэтым ясна: той, хто ненавідзіць брата, ходзіць у цемры; хто асуджае брата, ходзіць у цемры”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Паводле Францішка, кожны раз, калі мы асуджаем братоў у нашым сэрцы, ці яшчэ горш – калі кажам аб гэтым іншым – становімся хрысціянамі-забойцамі.

“Хрысціянін-забойца... Гэта не я кажу, а Пан. І тут няма месца для розных нюансаў. Калі ты кажаш кепска пра брата – забіваеш яго. І мы, кожны раз, калі так робім, паўтараем жэст Каіна, першага забойцы ў гісторыі”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак звярнуў увагу на яшчэ адзін важны аспект: у наш час, калі так шмат гаворыцца пра войны і гучаць заклікі аб міры, “неабходны жэсты нашага навяртання”. Ён чарговы раз падкрэсліў, што “пляткарства не бывае нявінным”, а мова нам дадзена, каб славіць Бога. “Але калі ўжываем мову, каб казаць кепска пра братоў і сясцёр – ужываем яе, каб забіваць Бога” – “вобраз Бога ў бліжнім”. Папа заклікаў прасіць Езуса аб ласцы навяртання да любові, пакоры, сціпласці, клопату аб іншым і велікадушнай любові да бліжняга.








All the contents on this site are copyrighted ©.