2013-09-13 17:08:43

Францішак: зямля Езуса асаблівым чынам патрабуе надзеі і міра!


RealAudioMP3 13 верасня папа Францішак сустрэўся з вялікай групай членаў Рыцарскага ордэна Святога Гробу Пана ў Іерусаліме, якія прыбылі ў Рым, каб супольна абмеркаваць сітуацыю хрысціянскай супольнасці ў Святой Зямлі. У пілігрымцы прынялі ўдзел больш за 2 тыс. чалавек. Пантыфік адзначыў, што высока цэніць ініцыятывы ордэна скіраваныя на ўтрыманне святых для хрысціян месцаў у гэтым рэгіёне і прапанаваў рыцарам паразважаць над трыма паняццямі, аб якіх ужо казаў на пачатку свайго пятровага служэння: крочыць, будаваць і вызнаваць. Францішак нагадаў, што шлях у свеце, межы якога пашыраюцца, а бар’еры знікаюць, усё больш становіцца звязаным са шляхам іншых людзей. “Будзьце сведкамі глыбокага сэнсу, святла, якое нясе веру; будзьце здольнымі захоўваць вялікае багацце каштоўнасцяў, мудрасць мінулага, але інтэнсіўна жывучы цяперашнім, працуючы цяпер, гледзячы ў будучыню, адкрываючы гарызонты надзеі вашай дзейнасцю на карысць больш чалавечага аблічча грамадства”, - заклікаў Пантыфік.

Паводле Папы крочыць трэба для таго, каб мець магчымасць будаваць з любоўю. Ён нагадаў, што Рыцарскі ордэн Святога Гробу Пана ў Іерусаліме з’яўляецца вельмі старажытным і заўсёды быў звязаны з дабрачыннай дзейнасцю. “І сапраўды, ваша пілігрымка мае таксама дабрачынную мэту, на карысць братоў і сясцёр у Святой Зямлі, асабліва самых патрабуючых, тых, хто перажывае моманты пакут, прыціску і страху. Да іх, з вялікай любоўю скіроўваю прывітанне і абдымаю, абяцаючы штодзённую малітву”, - сказаў Святы Айцец.

Папа падкрсэліў, што шлях будавання нараджаецца з усё больш глыбокага вызнавання веры, а ўзрастае дзякуючы ўмацаванню духоўнага жыцця і навучання больш сапраўднаму хрысціянскаму жыццю. Ён заклікаў верыць у адкупляючую моц крыжа і ўваскрасення, каб несці надзею і мір. “Асаблівым чынам, зямля Езуса гэтага патрабуе!”, - сказаў Папа і дадаў, што вера не аддаляе ад адказнасці, а наадварот падштурхоўвае да канкрэтнай дзейнасці на карысць пабудовы лепшага грамадства.








All the contents on this site are copyrighted ©.