2013-09-12 14:02:43

Папа: сузіранне пакутуючай чалавечнасці Хрыста – шлях да дабрыні і пакоры


RealAudioMP3 “Пакутуючая чалавечнасць” Езуса і “слодыч” Марыі – на гэтыя два полюсы павінен глядзець хрысціянін, каб жыць тым, чаго патрабуе Евангелле, адзначыў папа Францішак у сваёй гаміліі падчас ранішняй св. Імшы, якую цэлебраваў 12 верасня ў капліцы Дома св. Марты. Паводле Пантыфіка, Евангелле – патрабуючае, яно заклікае хрысціяніна да “моцных рэчаў”: здольнасці прабачаць, вялікадушнасці, любові да ворагаў. Існуе толькі адзін спосаб, каб рэалізаваць гэтыя патрабаванні на практыцы – сузіранне мукі і чалавечнасці Езуса, а таксама імітацыя паводзінаў Яго Маці. Менавіта Марыі, чыё “Найсвяцейшае Імя” ушаноўвае сёння Касцёл, Папа прысвяціў першую частку свайго разважання. Ён нагадаў, што калісьці гэта свята насіла назву “Найсаладзейшага Імя Марыі”. Затым яно было зменена, але “слодыч яе імя засталася ў малітве”, сказаў ён.

“Сёння мы маем патрэбу ў слодычы Маці Божай, каб зразумець тыя рэчы аб якіх Езус нас просіць. Таму што гэта не лёгкі для выканання спіс патрабаванняў: любіць ворагаў, чыніць дабро, пазычаць не спадзяючыся ні на што. Хто ўдарыць цябе па шчацэ, падстаў і другую, а таму хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю... Гэта моцныя рэчы. Але іх, уласным чынам, перажыла Маці Божая: гэта ласка лагоднасці, ласка пакоры”, - сказаў Папа.

Пантыфік нагадаў, што апостал Павел, са старонак Паслання да Каласянаў, заклікае апрануцца у шчырую міласэрнасць, дабрыню, пакору, лагоднасць, доўгацярплівасць. Але як гэта зрабіць? Паводле Францішка адказ ясны: “Мы, нашымі сіламі гэтага зрабіць не зможам. Толькі ласка можа ўчыніць гэта ў нас”, а яна прыходзіць адным шляхам:

“Толькі праз разважанне аб Хрысце. Калі наша сэрца і розум з Езусам, трыўмфатарам, які перамог смерць, грэх, сатану, усё – можам рабіць усё тое, аб чым нас просіць Езус і апостал Павел: быць пакорным, сціплым, добрым, пяшчотным, даўгацярплівым, велікадушным. Калі не глядзім на Езуса, калі не знаходзімся з Ім, не можам зрабіць гэтага. Гэта ласка – ласка, якая прыходзіць ад сузірання Езуса”, - падкрэсліў Папа.

Асаблівым чынам Францішак падкрэсліў важнасць разважання над муках Хрыста – над яго пакутуючай чалавечнасцю. Толькі так, дзякуючы нашаму схаванаму жыццю з Езусам можам дасягнуць цнотаў, аб якіх Пан нас просіць. “Іншага шляху няма”, - сказаў Папа.

“Думаць пра яго пакорнае маўчанне – няхай гэта будзе тваім намаганнем. Ён зробіць усё астатняе. Ён зробіць усё чаго не хапае. Але ты павінен рабіць так: схаваць сваё жыццё з Богам у Хрысце. Гэта робіцца праз сузіранне чалавечнасці Езуса, пакутуючай чалавечнасці. Іншага шляху няма – гэта адзіны. Каб быць добрымі хрысціянамі трэба сузіраць Езуса і пакутуючую чалавечнасць”, - адзначыў Папа.

Францішак адзначыў, што менавіта сузіранне пакутаў Хрыста робіць чалавека па-сапраўднаму пакорным, ціхім, добрым, велікадушным і пяшчотным.








All the contents on this site are copyrighted ©.