2013-09-11 11:16:14

Будзем усе ўдзельнічаць у мацярынстве Касцёла


RealAudioMP3 Ці мы любім Касцёл як уласную маці, умеючы разумець яе недахопы? Ці дапамагаем яму быць больш прыгожым, больш адпаведным Пану? З такімі пытаннямі 11 верасня папа Францішак звярнуўся да вернікаў сабраных на плошчы св. Пятра падчас традыцыйнай агульнай аўдыенцыі. Сваю катэхезу Святы Айцец прысвяціў разважанню над сцвярджэннем змешчаным у дагматычнай канстытуцыі “Lumen gentium”, аб тым, што Касцёл – наша маці ў веры і ў звышнатуральным жыцці. “Гэты вобраз з’яўляецца найбольш ужываным Айцамі Касцёла ў першыя стагоддзі і я думаю можа быць карысным таксама для нас. У якім сэнсе Касцёл з’яўляецца маці?”, - спытаў Пантыфік. “Перш за ўсё маці нараджае жыццё, носіць сваё дзіця ва ўлонні на працягу дзевяці месяцаў, а затым адкрывае яго на жыццё, нараджаючы яго. Таксама і Касцёл: нараджае нас у веры, праз дзейнасць Святога Духа, які робіць яе плённай, на падабенства Панны Марыі”, - сказаў Папа.

Францішак адзначыў: “канешне, вера – гэта асабісты акт (...) але веру я атрымліваю ад іншых, у сям’і, супольнасці, якая вучыць мяне казаць “я веру”, “мы верым”. “Хрысціянін – гэта не востраў! Мы не становімся хрысціянамі ў лабараторыі, не становімся хрысціянамі ў адзіноце, дзякуючы нашым сілам, вера – гэта падарунак, дар Бога, які даецца Касцёлам і праз Касцёл. А Касцёл дае нам веру праз хрост: гэта момант калі мы нараджаемся як дзеці Божыя, момант, калі нам даецца жыццё Божае, ён нас нараджае, як маці”, - сказаў Святы Айцец.

Паводле Папы сувязь якая існуе паміж Касцёлам і вернікамі з’яўляецца глыбокай і жыццёвай. “Наша прысутнасць у Касцёле – гэта не знешні і фармальны акт, (...) але ўнутраны і жыццёвы; да Касцёла нельга належаць як да суполкі, партыі ці якой-небудзь арганізацыі. Сувязь – жыццёвая, як тая, якую маем з уласнай маці, бо як сцвярджае св. Аўгустын: “Касцёл – гэта сапрадная маці хрысціян”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што “маці не абмяжоўваецца толькі тым, што дае жыццё, але з вялікім клопатам дапамагае сваім дзецям расці, дае ім малако, насычае іх, вучыць жыццёваму шлях, заўсёды суправаджае з увагай, цяплынёй, любоўю, нават калі яны вялікія”. “У гэтым яна ўмее папраўляць, прабачаць, разумець, здольная быць блізка ў хваробе, пакутах. Адным словам, добрая маці дапамагае дзецям выйсці па-за сябе, не прыбываць камфортна пад матчынымі крыламі, як вывадак куранятаў пад крыламі куры. Касцёл, як добрая маці робіць тое самае: суправаджае наш рост перадаючы Слова Божае, якое з’яўляецца святлом, што ўказвае шлях хрысціянскага жыцця; удзяляючы сакрамэнты”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заклікаў адказаць на пытанне – якія адносіны маю з Касцёлам? Ці адчуваю, што ён з’яўляецца маці, якая дапамагае ў хрысціянскім росце? Ці ўдзельнічаю ў жыцці Касцёла, адчуваю сябе яго часткай? Мае адносіны з ім фармальныя ці жыццёвыя?

Францішак звярнуў увагу яшчэ на адзін важны аспект: Касцёл, акрамя таго, што з’яўляецца маці хрысціян, таксама і складаецца з хрысціян. “Касцёл гэта не нешта адрознае ад нас, але ён павінен разглядацца як поўня хрысціян, як “мы” хрысціян: я, ты, усе мы з’яўляемся часткай Касцёла (...) Мацярынствам Касцёла жывём мы ўсе: пастыры і вернікі (...) Касцёл гэта не толькі святары – гэта ўсе мы (...) Мы ўсе пакліканы супрацоўнічаць у нараджэнні ў веры новых хрысціян, мы ўсе пакліканы быць выхаваўцамі ў веры, абвяшчаць Евангелле”, - сказаў Папа.

На заканчэнне катэхезы Францішак заклікаў кожнага верніка адказаць для сябе: што раблю для таго, каб падзяліцца з іншымі верай? Ці я плённы ў маёй веры ці закрыты? “Будзем усе ўдзельнічаць у мацярынстве Касцёла, каб святло Хрыста дасягнула самых крайніх межаў зямлі”, - заклікаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.