Францішак: верыць без страху, сораму і трыумфалізма
Хрысціяне пакліканы
абвяшчаць Езуса без страху, сораму і трыумфалізма, адзначыў папа Францішак падчас
ранішняй св. Імшы 10 верасня. У сваёй гаміліі Пантыфік звярнуў увагу на небяспеку
быцця “хрысціянамі без уваскрасення” і заклікаў, каб Хрыстус быў цэнтрам і крыніцай
надзеі ў нашым жыцці. Святы Айцец падкрэсліў важнасць веры ва ўваскрасенне Хрыста,
якое не проста зразумець. Папа нагадаў, што калі св. Павел звяртаўся да грэкаў у Афінах
яны з цікавасцю яго слухалі да таго моманту пакуль ён не пачаў апавядаць пра ўваскрасенне.
Паводле Францішка, такое стаўленне актуальна таксама сёння. “Ёсць шмат хрысціян без
уваскрасення, хрысціян без Уваскрослага Хрыста: яны суправаджалі Езуса аж да магілы,
плакалі, вельмі яго любілі, але толькі да гэтай кропкі. Думаючы пра паводзіны хрысціян
без Уваскрослага Хрыста, я вылучыў тры тыпы, але іх больш: баязліўцы, хрысціяне баязліўцы;
сарамлівыя, тыя хто маюць сорам; і трыумфалісты. Гэтыя тры не сустрэліся з Уваскросклым
Хрыстом”, - сказаў Пантыфік.
Францішка патлумачыў, што хрысціяне баязліўцы
нават “баяцца думаць пра Уваскрасенне”. Сарамлівыя хрысціяне – не адважваюцца апавядаць
пра Уваскрасенне Хрыста ў гэтым свеце, які “вельмі прасунуты ў навуцы”. Хрысціяне-трыумфалісты
– у глыбіні душы не вераць ва Уваскрослага, а хочуць самі зрабіць яго ўваскрасенне
больш велічным, чым сапраўднае. Паводле Святога Айца, гэты трыумфалізм праяўляецца
ў паводзінах, прамовах, душпастырскай і літургічнай дзеянасці хрысціян, якія не маюць
вялікай веры. Папа заклікаў памятаць, што трэба верыць без страху і трыумфалізма,
проста гледзячы на Уваскрослага Хрыста і Яго прыгажосць, і памятаючы, што Ён поўня
і надзея.
Пантыфік нагадаў, што сённяшняе Евангелле апавядае пра натоўпы хворых
людзей, якія хацелі дакрануцца да Хрыста, бо “з яго выходзіла сіла, якая аздараўляла
ўсіх”. “Пойдзем да Яго і дазволім Яму, як гэтыя хворыя, дакрануцца да нас сваёй сілай”,
- заклікаў Францішак.