2013-09-09 14:13:29

Рым: міжнародная сустрэча за мір у свеце


RealAudioMP3 З 29 верасня па 1 кастрычніка ў Рыме па ініцыятыве Супольнасці Св. Ігідзія, пройдзе Міжнародная сустрэча за мір у свеце пад дэвізам: “Мужная надзея: рэлігіі і культуры ў дыялогу”. У мерапрымстве прымуць удзел прадстаўнікі ўсіх рэлігій свету, а таксама вядомыя культурныя і палітычныя дзеячы з больш чым 60-ці краін свету. Гэта будзе ўжо ХХVII сустрэча такога роду. Пасля гістарычнага Дня Малітваў за мір у свеце, які прайшоў у Асізі ў 1986 г., Супольнасць Св. Ігідзія імкнецца працягваць дух гэтай сустрэчы, штогод збіраючы дэлегатаў з еўрапейскіх і міжземнаморскіх краін.

“Вялікай каштоўнасцю з’яўляецца тое, калі мужчыны і жанчыны розных рэлігій сустракаюцца разам, калі праводзяць шчыры дыялог і моляцца разам, адзін побач другога. Такім чынам ствараецца сапраўдны вобраз мірнага свету, калі цывілізацыі жывуць у згодзе разам”, - адзначылі арганізатары форума ў спецыяльным пасланні.

Паводле іх, дух сустрэчы ў Асізі паказаў, як сіла веры спрыяе сапраўднаму міру. “Рэлігіі змяняюць чалавека знутры, выклікаючы мірнае стаўленне. Мы лічым, што асабліва сёння трэба падкрэсліць, з мужнай надзеяй, што толькі дыялог з’яўляецца накірункам да будучага жыцця”, - адзначаецца ў пасланні.

Форум завершыцца заклікам да міру ва ўсім свеце.

Я.Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.