2013-09-07 12:35:36

Еўрапейскія Цэрквы сумесна за мір у Сірыі


RealAudioMP3 “Перад пакутамі, разбурэннямі і смерцю, якія так доўга церпіць высакародны сірыйскі народ, мы яшчэ раз пацвярджаем нашае “не” вайне” . – напісалі ў сумеснай заяве старшыні: Рады Біскупіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) і Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў. Каталіцкі кардынал Пэтэр Эрдо і анліканскі біскуп Крыстафор Хіл выразілі сваю салідарнасць з хрысціянамі, якія пакутуюць ад канфлікта ў Сірыі і масава ўцякаюць з краіны, што пагражае “скасаваннем іх прысутнасці ў гэтым рэгіёне свету”. Іерархі падкрэслілі ўпэўненасць, што “сапраўдны мір можа прыйсці толькі ад Бога” і што толькі Яму трэба даручыць “змучанае сэрца чалавецтва”, да Яго звяртацца з малітвай за мір. Кардынал Эрдо і біскуп Хіл заклікалі вернікаў ўсіх Цэркваў у Еўропе, каб аб’ядналіся ў малітве і посце ў інтэнцыі міру ў Сірыі, згодна з прапановай папы Францішка.

Яны заклікалі таксама да крокаў, якія б паклалі б канец варожасці, ваенным дзеянням і адкрылі шлях да прымірэння і міру. “Ніколі за позна сумесна будаваць будучыню. Так, вельмі жаданы мір можна дасягнуць толькі сумесна, і ніколі праз выкарыстанне аднаго другім. Мы ўпэўнены, што з Божай дапамогай, здаровая разважлівасць возьме верх і давядзе да мірнага суіснавання ў праўдзе, справядлівасці, любові, свабодзе і ў павазе да ўсіх меншасцей, у прыватнасці да хрысціян у гэтай краіне”, - напісалі кардынал Эрдо і біскуп Хіл.

Я. Мойсік







All the contents on this site are copyrighted ©.