2013-09-06 12:51:05

ЗША: біскупы папрасілі Барака Абаму ўстрымацца ад вайсковай інтэрвенцыі ў Сірыю


RealAudioMP3 Каталіцкія біскупы ЗША, на чале з арцыбіскупам Нью-Ёрка кардыналам Цімаці Доланам, звярнуліся да Прэзідэнта гэтай краіны Барака Абамы з заклікам не здзейсняць вайсковага ўмяшальніцтва ў сірыйскі канфлікт. У спецыяльным лісце скіраваным асабіста да кіраўніка Белага Дому 5 верасня, іерархі нагадалі, пра шматлікія звароты папы Францішка, а таксама біскупаў Блізкага Усходу прысвечаныя патрэбе мірнага ўрэгулявання канфлікту. “У адзін голас, яны просяць міжнародную супольнасць не прадпрымаць вайсковай інтэрвенцыі ў Сірыю. Яны ясна патлумачылі, што вайсковая атака будзе контрапрадуктыўнай, абцяжарыць ужо трагічную сітуацыю і можа прывесці да непажаданых наступстваў”, - гаворыцца ў пасланні біскупаў. Адзначаецца таксама, што падобнага меркавання прытрымліваецца значная частка амерыканскага грамадства.

Акрэсліваючы сваю пазіцыю па дадзеным пытанні члены епіскапата ЗША выразілі перакананасць у тым, што “сірыйскі народ мае тэрміновую патрэбу у палітычным рашэнні”. Яны заклікалі амерыканскія ўлады, у супрацоўніцтве з іншымі краінамі, працаваць на карысць спынення агню, пачатку сапраўдных перамоваў, аказання гуманітарнай дапамогі і пабудовы ў Сірыі грамадства, у якім будуць паважацца правы ўсіх грамадзян, уключаючы хрысціян і іншыя меншасці.

Біскупы запэўнілі Прэзідэнта Злучаных Штатаў у сваёй малітве за яго і яго адміністрацыю, якія пакліканы ў дадзены момант разглядаць магчымасць ваеннага ўмяшальніцтва ў сірыйскі канфлікт. “Мы ведаем, што сітуацыя ў Сірыі складаная і высока цэнім цярплівасць і ураўнаважанасць, якую Ваша адміністрацыя праяўлялі да гэтага моманту”, - гаворыцца ў звароце да Барака Абамы. Адначасова амерыканскія іерархі асудзілі выкарыстанне хімічнай зброі ў Сірыі і адзначылі, што глыбока засмучаны вялікімі ахвярамі, якія прыносіць сірыйскаму народу грамадзянская вайна.








All the contents on this site are copyrighted ©.