2013-09-05 11:35:08

Францішак: для кожнага хрысціяніна ёсць абяцанне і місія


RealAudioMP3 Калі прыйдзе Пан “я баюся, што ён пройдзе і не заўважыць мяне”. Гэтымі словамі св. Аўгустына папа Францішак пачаў сваю гамілію падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 5 верасня. Пантыфік паразважаў над тым, як Езус аб’яўляецца ў жыцці хрысціяніна, падтрымліваючы яго і давяраючы кожнаму пэўнае заданне. Паводле Святога Айца, Хрыстус прыходзіць у жыццё чалавека ў якасці абяцання, якое суцяшае, з патрабаваннем шчырага адказу і з даручэннем місіі, якую трэба выканаць. Пантыфік нагадаў, што ў Евангеллі, Езус, аб’явіўшыся вучням падчас цудоўнай лоўлі рыбы, паабяцаў Пятру: “адгэтуль будзеш лавіць людзей”; затым заклікаў пакінуць усё і ісці за Ім – гэта значыць даверыў місію.

“Пан заўсёды, калі прыходзіць у наша жыццё, калі прыходзіць у наша сэрца, кажа слова (...) а таксама абяцанне: “Ідзі наперад... з адвагай, не бойся і зрабі гэта!”. Гэта заклік да місіі, заклік ісці за Ім. Але калі чуем яго, заўважаем, што ёсць у нашым жыцці нешта благое, што павінны выправіць і з шчырасцю гэта адкідаем. Ці нават у нашым у жыцці можа быць нешта добрае, але Пан натхняе пакінуць гэта, каб маглі быць бліжэй да Яго, як здарылася тут: яны пакінулі ўсё, кажа Евангелле. “А калі выцягнулі чаўны на бераг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца Езус не кліча пакінуць усё дзеля невядомай мэты. Наадварот – Ён заўсёды ўказвае заданне. “Езус ніколі не кажа “ідзі за мной” не называючы місію. Не! Ён кажа: “Ідзі за мной і я зраблю табе гэта”, “Ідзі за мной для гэтага”, “Калі хочаш быць дасканалым, пакінь і ідзі за Мной, каб быць дасканалым”. Заўсёды ёсць місія. Мы ідзем па шляху Езуса, каб рабіць нешта”, - сказаў Францішак.

Папа падкрэсліў, што абяцанне, патрабаванне і місія звязаны не толькі з актыўнай дзейнасцю, але таксама і малітвай, таму што менавіта на малітве Езус натхняе дзейнічаць. “Няма малітвы на якой бы Езус не натхняў “рабіць нешта”, - сказаў Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.