2013-09-05 14:07:44

Папа звярнуўся да Уладзіміра Пуціна ў сувязі з пасяджэннем "Вялікай дваццаткі"


RealAudioMP3 Папа Францішак звярнуўся да Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Уладзіміра Пуціна ў сувязі з пасяджэннем краін “Вялікай дваццаткі”, якое пачалося 5 верасня ў Санкт-Пецярбургу. “Я ведаю, што Расійская Фэдэрацыя прымала удзел ў гэтай групе ад самага яе стварэння і заўсёды выконвала пазітыўную ролю ў паляпшэнні кіравання сусветнымі фінансамі, якія глыбока закрануў крызіс, што пачаўся ў 2008 г.”, - напісаў Пантыфік ў спецыяльным пасланні. “Cусветная эканоміка можа па-сапраўднаму развівацца настолькі, наколькі будзе ў стане забяспечыць годнае жыццё ўсім людзям, ад самых старых да дзяцей, якія яшчэ знаходзяцца ва ўлонні маці, не толькі грамадзянам краін “Вялікай дваццаткі”, але кожнаму жыхару Зямлі, асабліва тым, хто знаходзіцца ў самых складаных сацыяльных сітуацыях і самых далёкіх месцах”, - напісаў Пантыфік.

Між іншым Папа нагадаў, што перашкодай у дасягненні вялікіх эканамічных і сацыяльных мэтаў, якія ставіць перад сабой міжнародная супольнасць, з’яўляюцца ваенныя канфлікты “ствараючы глыбокія падзелы і рваныя раны, якім трэба шмат гадоў, каб залячыцца”. Ён падкрэсліў, што нажаль, таксама і сёння, многія ўзброенныя канфлікты штодзённа прадстаўляюць драматычныя выявы беднасці, голада, хваробаў і смерці. “Сапраўды, без міра няма ніякага кшталту эканамічнага развіцця”, - адзначыў Францішак.

Святы Айцец пагадзіўся, што сустрэча кіраўнікоў дваццаці краін з самымі развітымі эканомікамі ў свеце, не мае ў якасці галоўнай мэты абмеркаванне міжнароднай сітуацыі, аднак, паводле Папы, у яе рамках нельга “не разважаць аб сітуацыі на Блізкім Усходзе і асабліва ў Сірыі”.

“Нажаль балюча канстатаваць, што многія асабістыя інтэрэсы ўзялі верх з таго часу як пачаўся сірыйскі канфлікт, перашкаджаючы знайсці такое вырашэнне, якое б спыніла бескарысную разню, якую мы бачым”, - напісаў Святы Айцец. Ён выразіў пажаданне, каб краіны “Вялікай дваццаткі” не заставаліся “інертнымі перад абліччам драмаў, якія ўжо на працягу доўгага часу перажывае дарагое сірыйскае насельніцтва і якія пагражаюць новымі цярпеннямі шматпакутнаму і патрабуючаму міра рэгіёну”. Пантыфік заклікаў палітыкаў пераўзыйсці разыходжанні паміж сабой і адкінуць ідэю аб вайсковым умяшальніцтве ў канфікт. Ён пажадаў з “адвагай і рашучасцю” пачаць пошук мірнага вырашэння, праз дыялог і перамовы паміж зацікаўленымі бакамі пры адзінадушнай падтрымцы міжнароднай супольнасці. “Акрамя таго, маральным абавязкам усіх урадаў у свеце з’яўляецца спрыянне кожнай ініцыятыве скіраванай на гуманітарную дапамогу тым, хто пакутуе з прычыны канфлікта ўнутры і па-за межамі краіны”, - напісаў Святы Айцец.

“Спадзяючыся што гэтыя разважанні змогуць стаць каштоўным духоўным укладам у вашу сустрэчу, малюся аб плённых выніках працаў “Вялікай дваццаткі”, - напісаў Францішак звяртаючыся да Уладзіміра Пуціна. Папа папрасіў маліцца за яго і выразіў Прэзідэнту Расіі сваю вялікую павагу.








All the contents on this site are copyrighted ©.