Кс. Ламбардзі расказаў пра асаблівасці правядзення чування ў інтэнцыі міра
Кс. Фэдэрыка Ламбардзі
падзяліўся з журналістамі падрабязнасцямі правядзення сустрэчы ў рамках Дня малітвы
і посту ў інтэнцыі міра ў Сірыі, на Блізкім Усходзе і ўсім свеце. Мерапрыемства пройдзе
на плошчы св. Пятра ў Рыме 7 верасня. Кіраўнік Залы Друку падкрэсліў, што дзень малітвы
і посту будзе насіць таксама пакаянны характар – на ватыканскай плошчы будуць устаноўлены
каля 50 канфесіяналаў у якіх можна будзе прыступіць да сакрамэнту споведзі. Каля 18.30,
перад пачаткам малітоўнага чування будзе прачытаны тэкст звароту Святога Айца ў сувязі
з абвяшчэннем Дня малітвы і посту ў інтэнцыі міра, затым, пасля гімну “Veni Creator
Spiritus”, ва ўрачыстай працэсіі на плошчу будзе ўзнесены абраз Марыі Апякункі Рымскага
Народу. Адбудзецца ружанцоўвая малітва з біблійнымі каментарамі і разважаннямі св.
Тэрэзы ад Дзіцятка Езуса. На заканчэнне кожнай таямніцы вернікі будуць маліцца словамі
“Валадарка Супакою, маліся за нас”.
Пасля заканчэння першай, марыйнай частцы
вігіліі, прагучыць разважанне Святога Айца і адбудзецца выстаўленне Найсвяцейшага
Сакрамэнта. Падчас адарацыі пяць пар з Сірыі, Егіпта, Святой Зямлі, ЗША і Расіі прынясуць
на алтар ладан. У рамках адарацыі адбудзецца малітва нешпараў, а на яе заканчэнне
прадугледжана малітва ў цішыні, якая будзе працягвацца каля 30 хвілін. Агульная працягласць
чування – каля 4 гадзін. На працягу ўсяго гэтага часу Папа будзе знаходзіцца разам
з вернікамі.