Парады сем’ям на Дзень малітвы і посту ў інтэнцыі міра
Маліцца і размаўляць
у сямейным асяродзі аб патрэбе міру. З такім заклікам звярнулася да вернікаў Папская
рада па справах сям’і. У спецыяльным паведамленні апублікаваным 4 верасня ватыканская
дыкастэрыя дала канкрэтныя парады адносна таго, як у коле самых блізкіх людзей, правесці
дзень посту і малітвы за мір у Сірыі, на Блізкім Усходзе і ва ўсім свеце, абвешчаны
Пантыфікам на 7 верасня. “Дарагія бацькі, не бойцеся прапанаваць вашым дзецям сціплы
і мінімальны абед; гэта стане нагодай, каб расказаць ім пра тое, што адбываецца ў
свеце і аб жудасных фактах, якія не могуць пакінуць абыякавымі”, - адзначаецца ў звароце.
“Не забывайце запрасіць бабуль і дзядуць на гэты абед, на якім будзе мала
ежы, але шмат словаў; калі нехта з іх перажыў досвед вайны, няхай раскажа, што значыць
жыць пад бомбамі і ў неўпэўненасці ў заўтрашнім дні і які сэнс мела іх малітва ў гэтыя
дні”, - заклікае Папская рада.
У пасланні ўтрымліваецца таксама зварот да дзяцей
і моладзі, каб не скардзіліся на тое, што ў суботу на іх сталах не будзе шмат страваў,
але дзякавалі за тое, што бацькі даюць ім і прасілі расказаць пра прычыны таго, чаму
варта працягваць жыць на гэтай зямлі часта пазначанай жалобамі і насіллем.
“Разам
за стол, маліцеся! За сем’і Сірыі, за дзяцей, якія паміраюць кожны дзень з прычыны
нянавісці і голаду, за кіраўнікоў пакліканых знайсці мірнае, а не гвалтоўнае рашэнне”,
- гаворыцца ў пасланні. Адзначаецца, што да посту і разважання варта далучыць чытанне
Святога Пісання, малітву на ружанцы ці іншыя малітвы і спевы. “Няхай кожная сям’я
выбярэ найбольш знаёмы ёй спосаб для заступніцтва ці каб стаць паміж тямніцай зла,
якая азначае нашу гісторыю і Богам супакою, які аздараўляе і збаўляе”, - гаворыцца
ў звароце Папскай рады па справах сям’і.