2013-09-02 12:55:26

Святы Айцец сустрэнецца з Маланкарскім Каталікосам


RealAudioMP3 4-6 верасня папа Францішак сустрэнецца з кіраўніком Маланкарскай сіра-праваслаўнай Царквы Каталікосам Усходу Базыліосам Мар Фамой Паўлосам ІІ. Сустрэча адзбудзецца ў рамках душпастырскага візіту іерарха да вернікаў маланкарскай Царквы ў Еўропе, гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Залы Друку Апостальскай Сталіцы. Акрамя аўдыенцыі ў Святога Айца, маланкарскі патрыярх памоліцца каля магілы св. Пятра ў гротах ватыканскай базылікі і наведае Папскую рады спрыяння хрысціянскаму адзінству. Дыялог паміж Каталіцкім Касцёлам і Маланкарскай Царквой, большасць вернікаў якой пражывае ў Індыі, развіваецца на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Ян Павел ІІ двойчы сустракаўся з яе былым кіраўніком Маранам Мар Базыліосам Мацвеем І: у 1983 г. у Рыме і ў 1986 г. у індыйскай Катаяме. У выніку гэтых сустрэч была заснавана Змешаная тэалагічная камісія па дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Маланкарскай сіра-праваслаўнай Царквой. Адным з плёнаў гэтай ініцыятывы стала падпісанне ў 1990 г. супольнай хрысталагічнай дэкларацыі.

Маланкарская праваслаўная Царква падзелена на дзве супольнасці: Маларканскую сіра-праваслаўную Царкву, якая знаходзіцца ў поўнай еднасці з сіра-праваслаўным Патрыярхам Антыёхіі і аўтаномную Маларканскую сіра-праваслаўную Царкву пад кіраўніцтвам Базыліоса Мар Фамы Паўлоса ІІ. Царква налічвае каля 2,5 млн. вернікаў, 30 дыяцэзій, 33 біскупы і каля 1700 святароў.








All the contents on this site are copyrighted ©.