Папа прыняў адстаўку кардынала Бэртонэ і прызначыў новага Дзяржсакратара
31 жніўня Францішак
прыняў адстаўку кардынала Тарчызіо Бэртонэ з пасады Дзяржсакратара Яго Святасці Папы.
Пантыфік папрасіў яго застацца на гэтай пасадзе да 15 кастрычніка 2013 г. Адначасова
Святы Айцец прызначыў новага Дзяржсакратара, які пачне выконваць свае абавязкі з 15
кастрычніка. Ім стаў арцыбіскуп Пьетро Паралін, да гэтага часу Апостальскі нунцый
у Венесуэле. Аб гэтым Францішак паведаміў вышэйшым кіраўнікам і супрацоўнікам Дзяржсакратарыята
падчас аўдыенцыі на якой прыняў іх у Доме св. Марты. Папа падзякаваў кардыналу Бэртонэ
за яго верную і шчодрую службу на карысць Святога Пасаду і ў якасці яго асабістага
прадстаўніка. Новы Дзяржсакратар нарадзіўся ў 1955 г. у Скьявоне на поўначы Італіі.
Атрымаў святарскае пасвячэнне ў 1980 г., а затым працягваў вучобу ў галінах кананічнага
права і дыпламатыі ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце. З 1986 г. знаходзіцца на
дыпламатычнай службе Святога Пасаду. У 2002 г. быў прызначаны намеснікам Сакратара
па адносінах з дзяржавамі Дзяржсакратарыяту Апостальскай Сталіцы, адным з бліжэйшых
супрацоўнікаў кардынала Тарчызіо Бэртонэ. У верасні 2009 г. Бэнэдыкт XVI прызначыў
яго Апостальскім нунцыем у Венесуэле і ўдзяліў яму біскупскую сакру.
Кардынал
Тарчызіо Бэртонэ прадставіў Святому Айцу просьбу аб адстаўцы з пасады Дзяржсакратара
ва ўзросце 79 гадоў, як і яго папярэднік на гэтай пасадзе кардынал Анджэла Садана.
Пурпурат узначальваў Дзяржсакратарыят Яго Святасці Папы з 2006 г.