2013-08-31 13:12:13

Арцыбіскуп Паралін: адчуваю адказнасць за місію на мяне ўскладзеную


RealAudioMP3 Новапрызначаны Дзяржсакратар Яго Святасці Папы арцыбіскуп Пьетро Паралін выразіў сваю глыбокую ўдзячнасць Пантыфіку за давер аказаны новым прызначэннем, а таксама “жаданне і поўную гатоўнасць супрацоўнічаць з ім і пад яго кіраўніцтвам для большай хвалы Божай, дабра Святога Касцёла, прагрэса і міра для чалавецтва, каб яно знаходзіла прычыны для жыцця і надзеі”. “Я добра адчуваю ласку гэтага паклікання, якая з’яўляецца чарговай нечаканасцю Божай у маім жыцці, і асабліва адчуваю ўсю адказнасць, таму што мне давяраецца складаная і важная місія, перад абліччам якой мае сілы слабыя, а здольнасці бедныя”, - адзначыў арцыбіскуп Паралін і дадаў, што ў выкананні гэтага задання цалкам давераецца Божай міласэрнасці і малітоўнай падтрымцы вернікаў.

Іерарх выказаў удзячнасць “усім за разуменне і дапамогу, у любой форме, якую яму будуць аказваць падчас працы на новай пасадзе”. Адначасова ён падзякаваў сваёй сям’і, парафіі ў якой вырас і якой служыў, роднай дыяцэзіі Вічэнца, краінам у якіх працаваў: Нігерыі, Мексіцы і Венесуэле. “Я думаю таксама пра папу на пенсіі Бэнэдыкта XVI, які ўдзяліў мне біскупскае пасвячэнне, аб Дзяржсакратарыяце, які з’яўляецца маім домам ужо на працягу многіх гадоў, Яго Эмінэнцыі кардынале Тарчызіо Бэртонэ, іншых вышэйшых кіраўніках, калегах і супрацоўніках усёй Рымскай Курыі, Папскіх прадстаўніках. Перад усімі вамі я вялікі даўжнік”, - адзначыў іерарх.

Арцыбіскуп Паралін падкрэсліў, што “з хваляваннем, але таксама даверам і спакоем”, пачынае новае служэнне Евангеллю, Касцёлу і папе Францішку, “гатовы – як ён казаў ад самага пачатку – крочыць, будаваць і вызнаваць”.








All the contents on this site are copyrighted ©.