2013-08-29 14:36:04

Кардынал Бэртонэ: мяне асаблівым чынам уразіла беларуская моладзь


RealAudioMP3 Кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ падзяляе радасныя пачуцці беларускіх вернікаў у сувязі з перэгрынацыяй рэліквій св. Яна Боско, якая праходзіць 25-31 жніўня. “З вялікім задавальненнем даведаўшыся пра тое, што ў Беларусь нядаўна прыбылі рэліквіі св. Яна Боско, я ўсім сваім сэрцам жадаю стаць удзельнікам гэтай падзеі Божай ласкі”, - адзначыў пурпурат у лісце скіраваным 27 жніўня на імя арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Кардынал Бэртонэ нагадаў, што менавіта харызма св. Яна Боско натхняла яго на працягу ўсяго жыцця. “Жывы ўспамін пра тое, як у 2008 годзе я наведаў Беларусь, дазваляе мне яшчэ лепш зразумець значэнне гэтай падзеі. Тады мяне асаблівым чынам уразіла беларуская моладзь: уразіла сваёй вялікай годнасцю, сардэчнаю дабрынёю і адкрытасцю на сустрэчу з Богам”, - напісаў блізкі супрацоўнік Папы.

Кардынал Бэртонэ адзначыў, што ў той час, “калі парэшткі св. Яна Боско наведваюць і благаслаўляюць Беларусь, дзякуючы прыкладу гэтага вялікага сябра моладзі, які ўмеў яе любіць і паважаць, быў побач з ёю і ніколі ёй не здрадзіў, расце і ўзмацняецца давер да той працы, якую Касцёл здзяйсняе дзеля маладых”.

“Калі маладыя людзі адчуваюць, што іх любяць, яны самі гатовыя прысвяціць сваё жыццё іншым. Калі дзякуючы адкрытаму і шчодраму сэрцу, якое меў святы кс. Боско, да іх вяртаюцца сілы і загойваюцца іхнія раны, тады аднаўляецца Касцёл, узрастае энтузіязм і надзея”, - адзначыў ён. Паводле кардынала Дзяржсакратара “таксама і грамадзянская супольнасць атрымлівае вялізнае багацце, якім з’яўляюцца новыя грамадзяне: адказныя, сумленныя, гатовыя служыць супольнаму дабру”.








All the contents on this site are copyrighted ©.