2013-08-28 14:00:58

Патрыярх Лахам: вайсковая інтэрвенцыя ў Сірыю прынясе новыя ахвяры


RealAudioMP3 Жорстка асудзіў планы ЗША адносна вайсковага ўмяшальніцтва ў сірыйскі канфлікт грэка-каталіцкі Патрыярх Антыёхіі і Блізкага Усходу Грыгорый ІІІ Лахам. У інтэрв’ю агенцтву “Asianews” іерарх адзначыў, што “калі заходнія краіны хочуць стварыць сапраўдную дэмакратыю павінны рабіць гэта на аснове прымірэння, дыялога паміж хрысціянамі і мусульманамі, а не з дапамогай зброі”. Напад, які плануецца некаторымі заходнімі дзяржавамі Патрыярх назваў “злачынствам”, якое прынясе новыя ахвяры ў дадатак да тысяч тых, якія ўжо маем за два гады вайны. “Гэта разбурыць давер арабскага свету да заходняга свету”, - сказаў ён. Ва ўсіх парафіях Сірыі іерархам быў распаўсюджаны тэкст закліку папы Францішка аб міры ў гэтай блізкаўсходняй краіне, агучаны Пантыфікам 25 жніўня. Ён падкрэсліў, што Святы Айцец прамаўляе ад імя усіх хрысціян. “Сірыя мае патрэбу ў стабільнасці, а вайсковы напад на ўрад не мае сэнсу”, - сказаў Патрыярх.

Ён з жалем адзначыў, што ў Сірыю прыбываюць ісламісты з розных куткоў свету з адной мэтай – забіваць. Паводле іерарха ніводная з краін не перашкаджае гэтаму працэсу, а нават наадварот, дапамагае пастаўкамі зброі. Ён адзначыў, што магчымы напад ЗША ў першую чаргу ўдарыць па мірнаму насельніцтву і прынясе такую самую шкоду, як і хімічная зброя.

Патрыярх Лахам падкрэсліў, што ўжо на працягу некалькіх месяцаў ідзе абмеркаванне магчымасці вайсковага ўмяшальніцтва ў сірыйскі канфлікт, у той час як многія з ўдзельнікаў гэтай дыскусіі забылі пра слова “дыялог”. “Многія месяца заходнія краіны згубілі на размовы, у той час як людзі паміралі пад бомбамі Асада і ад нападаў ісламскіх экстрэмістаў “Аль-Кайды”, - адзначыў блізкаўсходні іерарх.








All the contents on this site are copyrighted ©.