2013-08-28 13:32:13

Кардынал Вюрл: мара Марціна Лютэра Кінга працягвае здзейсняцца


RealAudioMP3 Мара Марціна Лютэра Кінга працягвае здзейсняцца, між іншым дзякуючы падтрымцы Каталіцкага Касцёла. Пра гэта расказаў арцыбіскуп Вашынгтонскі кардынал Дональд Вюрл, на старонках амерыканскага выдання “National Catholic Reporter”. У 50-годдзе знакамітай прамовы Марціна Лютэра Кінга, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай “Я маю мару” і была звернута да амаль 300 тыс. удзельнікаў агульнаамерыканскага “Маршу на Вашынгтон”, пурпурат нагадаў, што Каталіцкі Касцёл ад самага пачатку быў побач з гэтым барацьбітам за расавую справядлівасць у ЗША.

Кардынал Вюрл расказаў, што падчас знакамітай прамовы каля помніка Абрагаму Лінкальну ў Вашынгтоне, побач з Марцінам Лютэрам Кінгам стаяў тагачасны арцыбіскуп Вашынгтона Патрык О’Бойл. Ён таксама выступіў перад удзельнікамі пратэсту, молячыся, каб споўніліся “ідэалы свабоды, благаслаўлёныя нашай верай і дэмакратычнай спадчынай”.

Арцыбіскуп О’Бойл, які ў 1967 г. атрымаў кардынальскую годнасць, быў актыўным прыхільнікам расавай справядлівасці ў Злучаных Штатах. Задоўга да прыняцця закона аб нелегальнасці сегрэгацыйных школ у краіне, ён праводзіў кампанію па інтэграцыі чорнаскурага насельніцтва ў парафіі і школы сваёй архідыяцэзіі.

На яго заклік амерыканскія католікі прынялі ўдзел у знакамітым “Маршы на Вашынгтон”. Менавіта арцыбіскуп О’Бойл падкрэсліваў важнасць удзелу ў гэтым мерапрыемстве для членаў мясцовых каталіцкіх супольнасцяў, парафій і універсітэтаў. Многія католікі давалі начлег іншагароднім удзельнікам пратэсту, а таксама прымалі ўдзел у маніфестацыі пад сцягамі і харугвамі сваіх парафій і асацыяцый. Арцыбіскуп О’Бойл быў членам групы рэлігійных лідэраў Вашынгтона патрабуючых роўных магчымасцяў для людзей розных нацыянальнасцяў і расаў.

Паводле кардынала Вюрла, праца яго папярэдніка на Вашынгтонскай кафедры працягваецца і сёння. Ён расказаў, што Касцёл працягвае падтрымліваць дзяцей з бедных, часцей за ўсё эмігранцкіх сем’яў. Пурпурат падзяліўся, што на сённяшні дзень у яго архідыяцэзіі дзейнічае 96 каталіцкіх школ, у якіх вучацца каля 30 тыс. дзяцей, многія з якіх прыналежаць да рэлігійных і нацыянальных меншасцяў. А на дзейнасць гэтых навучальных установаў на бліжэйшы год было вылучана каля 5,5 млн. долараў.








All the contents on this site are copyrighted ©.