2013-08-27 12:02:50

Польшча: створаны аргкамітэт СДМ


RealAudioMP3 Сусветныя дні моладзі ў Кракаве былі галоўнай тэмай пасяджэння Канферэнцыі Біскупаў Польшчы. Іерархі сабраліся 26 жніўня, ва ўрачыстасць Маці Божай Чэнстахоўскай, у марыйным санктуарыі на Яснай Гары. Падчас сустрэчы імі быў створаны Нацыянальны арганізацыйны камітэт будучага мерапрыемства. Яго ўзначаліў арцыбіскуп Кракаўскі кардынал Станіслаў Дзівіш. Паводле саркатара польскага епіскапату біскупа Войцеха Поляка, камітэт павінен падрыхтаваць дакладныя прапановы Святому Айцу адносна датаў правядзення моладзевага форума і маршруту яго падарожжа па краіне.

Біскупы выказалі жаданне запрасіць Пантыфіка наведаць не толькі Кракаў – сталіцу Сусветных дзён моладзі 2016 г, але таксама і некаторыя іншыя гарады: старажытны горад Гнезна, у якім 1050 гадоў таму першы гістарычна вядомы польскі князь Мешка І прыняў хрост і пачаў хрысціянізацыю ўсёй краіны; Познань, якая знаходзіцца побач; Чэнстахова, у якой Сусветныя дні моладзі праходзілі 25 гадоў таму, і сталіцу Польшчы Варшаву.

Паводле біскупа Поляка, правядзенне форума плануецца ў другой палове ліпеня – у традыцыйны для гэтага мерапрыемства перыяд. Духоўная падрыхтоўка да сустрэчы ў Кракаве пачнецца пілігрымкай крыжа Сусветных дзён моладзі праз тэрыторыю ўсіх польскіх дыяцэзій. Гэты Крыж папа Францішак уручыць арганізатарам Сусветных дзён моладзі, у Пальмовую нядзелю 13 красавіка 2014 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.