2013-08-27 12:22:44

Аўгустыніяне ў чаканні сустрэчы са Святым Айцом


RealAudioMP3 28 жніўня папа Францішак будзе цэлебраваць св. Імшу з нагоды адкрыцця Генеральнага капітула ордэна аўгустыніянаў. Літургія адбудзецца ў касцёле св. Аўгустына ў Рыме. Генеральны настаяцель гэтай манаскай супольнасці а. Робэрт Прэваст, расказаў, што Папа сам пажадаў прыняць удзел у гэтай падзеі. “Некалькі тыдняў таму, мы атрымалі ад кардынала Бэртонэ, з Дзяржсакратарыяту, паведамленне, у якім перадавалася жаданне Папы суправаджаць Генеральны капітул, прызнаючы важнасць гэтай падзеі для жыцця ордэна, унутры Касцёла”, - расказаў законнік. Айцец Прэваст адзначыў, што бачыць ў новым Папе “вялікі дар для Касцёла”, а таксама нагадаў пра каштоўны пантыфікат папы на пенсіі Бэнэдыкта XVI, падчас якога Касцёл атрымаў вялікае і важнае навучанне аб св. Аўгустыне. “Новы Папа ўзяў некаторыя элементы пантыфікату Бэнэдыкта XVI з іншым стылем і заўсёды набліжае да Народу Божага пасланне Евангелля. Ён жыве чалавечнасцю, блізкасцю, вялікай любоўю, суперажываннем, міласэрнасцю аб якіх сам кажа шмат і робіць так, каб Евангелле стала жывым пасланнем сярод людзей, для народа”, - адзначыў законнік.

Айцец Прэваст падзяліўся, што у якасці даты адкрыцця Генеральнага капітула ордэна быў абраны ўспамін св. Аўгустына. “Св. Аўгустын, гэта асоба, якая можа яшчэ шмат сказаць хрысціянам і усім людзям. Гэта думка павінна суправаджаць разважанні і працу капітула. Аўгустын – гэта тая постаць, якая, як тэолаг і пастыр, мае шмат чаго сказаць Касцёлу сёння”, - адзначыў законнік.








All the contents on this site are copyrighted ©.